Навіны палітвязьняў: Фядуту зноў перавялі на «Валадарку», 19-гадоваму Яўгену Каханоўскаму ўзмацнілі рэжым
2022-05-28 19:43
Па стане на 28 траўня беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 1217 чалавек.
Аляксандра Федуту зноў перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы ВаладарскагаПра гэта
паведаміла ягоная жонка
Марына Шыбко. Жонка палітвязьня мяркуе, што справа набліжаецца да суда.
Апошнія некалькі тыдняў Фядута знаходзіўся ў СІЗА КДБ, дзе знаёміўся з крымінальнай справай. Па словах жонкі Фядуты, у «амэрыканцы» ён пасьпеў купіць крыху кніг — «вельмі сумаваў бяз гэтага «шопінгу». І ў цэлым Фядута ў зьняволеньні шмат чытае.
Пасля азнаямленьня з матэрыяламі сваёй справы ён напісаў, што, «перачытаўшы свае допыты», зрабіў выснову: «пакуль мне за сябе ня сорамна».
Супрацоўнікі КДБ затрымалі Фядуту 12 красавіка ў Маскве. Цяпер ён — фігурант крымінальнай справы аб «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» (арт. 357 Крымінальнага кодэксу). За кратамі палітвязьня ўтрымліваюць ужо больш за год.
У сярэдзіне сьнежня ў Фядуты дыягнаставалі вострую сардэчную недастатковасьць, а праз тры дні ў яго здарыўся прыступ стэнакардыі і арытміі, таксама ён хварэў на пнэўманію.
Палітвязьню Яўгену Каханоўскаму ўзмацнілі рэжым і перавялі ў крытую турму
Па інфармацыі «Гомельскай Вясны», у канцы красавіка ў наваполацкай калёніі над палітвязьнем Яўгенам Каханоўскім адбыўся суд па ўзмацненьні рэжыму. Суд пастанавіў перавесьці хлопца на «турэмны» рэжым.
Этап у жодзінскую турму № 8 доўжыўся тры тыдні. У калёніі на хлопца ўвесь час аказваўся ціск: яго абмежавалі ў атрыманьні пасылак і бандэроляў, у званках, некалькі разоў зьмяшчалі ў штрафны ізалятар, а потым перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу. Адразу пасьля пераводу ў жодзінскую турму Яўгена зноў зьмясьцілі ў карцар.
Палітвязьня асудзілі за падзеі ў жніўні 2020 году ў Жлобіне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (удзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Яму прысудзілі 3,5 года калёніі.
Палітзьняволенага Кіма Самусенку этапавалі ў магілёўскую калёніюСтала вядома, што актывіста і сябра рады грамадзкага руху «Дзея» Кіма Самусенку днямі перавялі з турмы № 4 у папраўчую калёнію № 15 Магілёва,
паведамляе «Вясна».
Кіма асудзілі па справе «падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках» і «ўзлому кампутарнай сыстэмы Менгарвыканкаму» да шасьці з паловай гадоў калёніі. На волі Кіма чакае жонка Алеся і амаль двухгадовая дачка Лада, якая апошні раз бачыла бацьку, калі ёй было толькі шэсьць месяцаў.
Да палітзьняволенага Яўгена Галіча не дапускаюць адвакатаСтала вядома, што да палітвязьня Яўгена Галіча, які ўтрымліваецца ў СІЗА № 3 у Гомлі, ужо тыдзень не дапускаюць адваката. Неякіх тлумачэньняў аб прычынах гэтага ні адвакату, ні маці Яўгена не даюць; ад маці толькі прымаюць перадачы для зьняволенага,
паведамляе «Вясна».
Як стала вядома, справу Яўгена Галіча цяпер вядзе новы сьледчы – Багданаў. Сьледчы даў дазвол на наведваньне адвакатам свайго падабароннага, і павінен быў такі ж дакумэнт адаслаць у СІЗА. Але супрацоўнікі СІЗА сьцьвярджаюць, што дазволу не атрымлівалі.
Адвакатка папрасіла ў сьледчага выслаць ёй факсымільную копію дазволу, але пакуль яе не атрымала. Апошні раз яна сустракалася са сваім падабаронным 2 тыдні таму падчас допыту.