Навіны палітвязьняў: Віктара Бабарыку абмяжоўваюць у чытаньні
2022-01-29 16:20
Па стане на 29 студзеня беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі 1007 чалавек. Працягваем сачыць за лёсамі палітвязьняў.
Віктара Бабарыку абмяжоўваюць у чытаньні. Не дазваляюць чытаць нават стоячы. Пра гэта ён распавёў у лісьце сваёй дачцэ:
«Посьпехаў у чытаньні ў мяне ня вельмі шмат. З апошняга: мяне нават стоячы спрабуюць абмежаваць у чытаньні. Раней можна было хоць пад дахам стаяць, а цяпер патрабуюць выходзіць на вуліцу і, калі ідзе дождж ці сьнег, не шануеш нават у становішчы «ломавага каня». Так што яшчэ мінус хвілін па 15 з магчымасьці чытаньня. Але ж дождж і сьнег ня кожны дзень ідуць. Таму чытаю :)
Пасьпяваю пакуль толькі газэты і часопісы. Кнігі ня вельмі заходзяць. З апошняга прачытаў «Сабакі Эўропы». Выдатна, што ў Беларусі сталі зьяўляцца такія аўтары і таксама трэндавыя творы», — напісаў Віктар Бабарыка.
Таксама ён у лісьце разважае пра кнігу «Архіпэлаг ГУЛАГ», якая «цяжкаватая для чытаньня», але «прыбраўшы жорсткі фізычны гвалт і дадаўшы больш выдасканаленыя спосабы барацьбы з разумовым і інтэлектуальным разьвіцьцём — атрымліваем дзейную сыстэму (у Беларусі — рэд.)».