Доктар гісторыі, прафэсар Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Лобач у 2021-м быў звольнены з працы і прайшоў праз турму за падтрымку пратэстаў.
Цяпер ён жыве і працуе ў Польшчы. Пагаварылі зь ім пра аўтаэтнаграфію, антрапалёгію акупацыі, калябарацыю, маскі гуманізму і лясны беларускі рай.
Пра аўтаэтнаграфію
— Вы ўсё сваё навуковае жыцьцё вывучалі беларускую душу на фальклёрна-этнаграфічным матэрыяле. У сотнях публікацый паказвалі глыбінную сувязь са звычаямі продкаў, іх паўсядзённай культурай і прыродным ландшафтам. То бок даводзілі, што чалавек з берагоў Дзьвіны моцна адрозны, скажам, ад насельніка берагоў Віслы. І вось лёс павярнуўся так, каб вы на сабе спраўдзілі свае навуковыя высновы. Што скажаце?
— Навуковым словам гэта называецца «аўтаэтнаграфія»: калі жыцьцё штодня дае магчымасьць рабіць назіраньні, параўнаньні і рэфлексаваць з гэтай нагоды. Натуральна, розьніца ёсьць. Гэта ня толькі мова, гістарычная памяць ці больш паўсядзённыя рэчы (кухня, побыт, гаспадарка), але і тыя дробязі, на якія зьвяртаеш увагу толькі на чужыне. Напрыклад, хуткасьць маўленьня. У параўнаньні з гаваркімі варшавякамі падзьвінскі беларус — маўклівы, задуменны чалавек, які траціць словы так ашчадна і разважліва, як талеры з уласнага гаманца. Беларуская поўнач ня любіць балбатуноў.
Пра антрапалёгію акупацыі
— Далёка ад беларускай поўначы ў вас зьявілася новая навуковая тэма — «Антрапалёгія акупацыі». Пра што йдзецца?
— Так, я цяпер займаюся «антрапалёгіяй акупацыі» — спрабую асэнсаваць, як нашы вяскоўцы памятаюць тыя тры страшныя гады пад немцамі. І там ня толькі пра немцаў і партызанаў, але і пра спосабы выжываньня, экстрэмальную гастранамію, абрады (каб нацысты не спалілі вёску), Галакост і шмат што яшчэ, у тым ліку і пра калябарантаў.
— У зьвязку з тэмай той калябарацыі просіцца пытаньне пра сучаснасьць. Многія аналітыкі лічаць, што Беларусь цяпер таксама акупаваная чужынскай уладай. А ці можна ў сувязі з гэтым тых, хто сёньня працуе ў дзяржаўных установах, назваць калябарантамі? Якая ваша думка?
— Прамыя паралелі цяперашняй беларускай сытуацыі з часамі нацысцкай акупацыі вельмі некарэктныя. Трэба разумець, што акупацыя — гэта перадусім чужое войска на тваёй зямлі, за якім тысячы спаленых вёсак, расстрэльныя ямы, Трасьцянец і сотні гета па ўсёй краіне. Далёка хадзіць ня трэба. Ва ўсіх перад вачыма ўкраінская Буча, жыхары якой на сабе зьведалі, што такое акупацыя. Дзяржаўныя ўстановы на сёньня — гэта ня толькі КДБ, МУС і ГУБАЗіК, але і дзіцячыя садкі, школы, шпіталі, бібліятэкі і музэі. Закідаць супрацоўнікам гэтых установаў калябарацыянізм проста абсурдна. Іншая справа, што мы павінны цьвяроза ўсьведамляць, што злачынца мусіць панесьці адказнасьць, дзе б ён ні працаваў.
Пра палявыя дасьледаваньні на чужыне
— Апынуўшыся не па сваёй волі далёка ад роднага Полацка, вы страцілі магчымасьць палявых дасьледаваньняў беларускай душы. Вось жа і ваша новая тэма мае ўдакладненьне: «Другая сусьветная вайна вачыма беларускіх вяскоўцаў». То як вы спраўляецеся з адсутнасьцю побач беларускіх вачэй?
— Мае палявыя дарогі са мной — у тысячах запісаў і фатаздымкаў з розных куткоў паўночнай Беларусі, якую пашчасьціла амаль за 30 гадоў абысьці нагамі. Галасы людзей з Вушаччыны, Лёзьненшчыны, Расоншчыны, Мёршчыны ці Глыбоччыны, якіх ужо няма на гэтым сьвеце, застаюцца са мной ня проста цікавымі і захапляльнымі аповедамі пра зусім ня простае жыцьцё беларускай вёскі, але найперш як напамін, што іхная шчырасьць ня мусіць быць змарнаванай і забытай. Іх галасы і фатаздымкі — пастаянны напамін і заклік да працы, каб іхная праўда была даступная ня толькі мне.
Пра любоў да людзей і маскі гуманізму
— Нядаўна вы публічна ў сеціве прызналіся: «Не люблю людзей, Беларусь люблю!». Ці азначае гэта, што вы страцілі апантанасьць да аб’ектаў свайго навуковага зацікаўленьня або яны вас аж гэтак моцна расчаравалі?
— Ніхто з нас ня любіць людзей агулам як ананімную, нязьведаную асабіста масу сабе падобных, якія б маскі гуманізму і чалавекалюбства мы ні чаплялі. Заўважце, мы балюча перажывалі трагедыю на Нямізе, але тэракты дзесьці ў Кабуле ці Бэйруце наша ўвага пераважна абыходзіць бокам. Мы любім дзядоў, бацькоў, дзяцей, нашых жанок і сяброў, настаўнікаў і вучняў, але «любіць людзей» — гэта пусты выраз, бо ніякай любові на ўсіх ня хопіць. І ўсе тыя сотні і тысячы бабулек і дзядоў, зь якімі мне давялося гаварыць, — гэта не абстрактныя людзі, але калетыўны і кожнага разу пэрсанальны партрэт маіх уласных бабуль і дзядоў — Ксені, Марыі, Мацьвея, Івана, зь якімі, на вялікі жаль, я ня змог дагаварыць. Іх я люблю невымерна, і з гэтай любоўю заўсёды выпраўляўся ў «поле».
Уладзімер Лобач
Пра беларускую душу
— Што вы на падставе сваіх дасьледаваньняў можаце сказаць пра сучасны стан беларускай душы? Чаму яна зноў, каторы ўжо раз, асуджаная на паразу ў самых сьветлых сваіх памкненьнях?
— На жаль ці на шчасьце, я не сьпірытоляг, таму паняцьця ня маю пра «беларускую душу». Досьвед этнографа і фальклярыста цьмяна падказвае, што «беларуская душа» дзесьці за агняной ракой, за калінавым мостам вісіць у срэбным куфэрку на вячыстым дубе ў дванаццаць какатоў (галін. — РС), схаваная ў чароўным яйку. І той, хто верыць у «беларускую душу», чакае казачнага асілка, які б выбавіў яе зь няволі і даведаўся пра яе «сьветлыя памкненьні».
Мяне ж «у полі» заўжды цікавілі рэчы больш празаічныя — жыцьцёвы досьвед і мудрасьць нашых продкаў, якія дазволілі захавацца нашай Радзіме і захавацца нам як адметнаму народу са сваім поглядам на сьвет.
Пра «Полацкі фэст» у эміграцыі
— Многія вашы калегі з Полацкага ўнівэрсытэту зазналі, як і вы, рэпрэсіі і перасьлед рэжыму і апынуліся ў эміграцыі. Напэўна, каб неяк захаваць ілюзію прысутнасьці радзімы тут і цяпер, улетку вы зладзілі ў Варшаве «Полацкі фэст». Ці атрымалі ад яго чаканы эфэкт? Ці зьбіраецеся найбліжэйшым часам арганізоўваць новы фэст палачанаў-эмігрантаў?
— Калі чалавеку, з розных прычынаў, ніколі не бывае кепска, то гэта значыць, што чалавек памёр. Мы істоты эмацыйныя, і далёка не заўсёды гэтыя эмоцыі пазытыўныя. «Полацкі фэст», які адбыўся ўлетку і сабраў больш за 30 палачанаў і палачанак, стаўся неймаверна цёплай і па-сапраўднаму сяброўскай сустрэчай землякоў на чужой зямлі. Беласток, Варшава, Познань, Гданьск, Нямеччына, Чэхія... Полацак зьбірае сваіх і па-за межамі роднай краіны. Агучваць пляны — сьмяшыць багоў, але шчыра спадзяюся, што «Полацкі фэст» стане добрай традыцыяй.
Пра лесавікоў, лясны беларускі рай і новыя вершы
— «ULASLOVY» — так называецца ваша кніга вершаў, якая выйшла ў 2011 годзе. Пасьля яго паэтычная муза, выглядае, на нейкі час пакінула вас на самоце з русалкамі, ведзьмакамі, палевікамі, балотнікамі, дамавікамі. Яны засталіся цяпер недзе далёка на поўначы Беларусі. А ў Польшчу, відаць, прывандравалі да вас зусім не раўнівыя да паэтычнае музы лесавікі. «Лясная мая душа, лясная, // бо ў нашых краях у лесе бліжэй да раю, // які незалежна ад бруку альбо ральлі // цярпліва чакае цябе на тваёй зямлі».
Парадуйце, калі ласка, нашых чытачоў сваімі новымі вершамі, створанымі ў суаўтарстве з польскімі лесавікамі.
— Што беларускія, што польскія лесавікі такімі дурасьцямі, як вершы, не займаюцца, хоць і супраць нічога ня маюць.
* * *
Бераг стылы. Пранізьлівы вецер
скрадае цяпло і дым тытунёвы,
разносіць па белым сьвеце
думкі і словы.
Закрыем сэзон. Дастанем з вады баркасы,
што ёсьць, хай будзе на дабро,
бяз бонусаў і прыкрасы,
кінем манэтку на долю — стане яна на рабро.
Дзень памірае. Застылыя плечы
прагнуць жывой цеплыні
ля запаленай печы
і цішыні.
Павекі зьліпаюцца. Губляеш прытомнасьць увосьні,
каб перагледзець у хуткім рэжыме
апошнюю восень
з памерлымі і жывымі.
* * *
Толькі на самай, на самай поўначы,
на берагах Асьвеі і Лісна
зорны Воз называюць Канём,
бо ніякі воз ніколі ў жыцьці
сам не дакоціцца да Варшавы,
а конь дабяжыць па небе,
каб перадаць прывітаньне,
скінуўшы зорку на памяць
зь нябачнага хваста.
* * *
Абяцаюць дажджы і тужлівую змрочную восень,
і зіму безь зімы, без марозу і белых сьнягоў,
калі нават паштар электронны ні чарта не прыносіць:
ні навін, ні правін, ні самых кароткіх лістоў.
Трэба зноў варажыць. Хоць на картах, хоць кінуўшы косьці,
ці палёт аглядаючы зграі крыклівых варон.
І мінецца ўсё. Я ізноў запрашу ўсіх на госьці,
пазабыўшы благое, як кепскі і прывідны сон.
Цёмным ранкам ад Полацка рушым вушацкай дарогай
у краіну азёраў і сьпеўных жывых трысьнягоў,
каб са сьмехам памерацца кожны сваёй перамогай,
першым лёдам цягаючы прагных і злых акунёў.
* * *
Шляхціц Завальня заўседы чакае
людзей падарожных зь вялікага лёду
і паліць ліхтар на зьмярканьні,
ператварыўшы сядзібу ў маяк,
каб у раптоўнай завеі ты шлях не згубіў
сярод белай стыні лядовай
і бераг свой родны знайшоў,
які звыкла клічам Радзіма.