Не стала беластоцкага журналіста Лукаша Сцепанюка
2022-06-03 20:23
Лукаш Сцепанюк доўгія гады быў звязаны з беластоцкай рэдакцыяй Радыё Eska і Беларускім Радыё Рацыя. Працаваў на карысць беларускай грамады на Падляшшы.
Быў старшынёй «Беларускага аб'яднання студэнтаў» і адным з арганізатараў Фестывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча». Лукаш Сцепанюк таксама быў сябрам праўлення фонду Kamunikat.org.
Ствараў музыку і супрацоўнічаў з некалькімі мясцовымі гуртамі... Быў… Хаця гэтае слова цяжка пісаць… Як гэта - „быў”…? Лукаш Сцепанюк, „Step” перш за ўсё быў добрым, сьціплым чалавекам… Прафэсыяналам у гукарэжысуры і журналістыцы…
Заўсёды стараўся дамапагчы ў кожнай справе. Некалькі гадоў таму запісвалі аўдыёкнігу з успамінамі Ларысы Геніюш „Птушкі бяз гнёздаў”. Step дзеля гэтага аддаў сваю хатнюю студыю, а, як аказалася, што на аплату працы не хапае грошай, сказаў: „Якія грошы? Зробім. Зробім усё як трэба”. Такое можна было пачуць не адзін раз: „Дла беларускасьці зраблю шмат і без грошай”. Пры чым ніколі тым не хваліўся.
Апошнім часам займаўся гукаапрацоукай аўдыёкнігаў. Падрыхатваў „Сядзібу” Алеся Аркуша, працаваў над „Жэтонам на мэтро” Андрэя Федарэнкі і „Айчынай” Уладзімера Арлова, якую рыхтаваў у вэрсыі як аўдыя, так і відэа.
Лукаш, не час адыходзіць...
Дзякуй Табе за усё…
Мы ўсе будзем вельмі сумаваць па Табе...
Бывай, Дружа…
Вечная Памяць...
Управа і Праграмная Рада Фонду Kamunikat.org выказваюць шчырыя спачуваньні блізкім і родным Лукаша