«Не такія доўгія рукі ў іх», — старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту аб правах чалавека ў Беларусі ў 2021-м
2021-12-26 14:11
Як зьмянілася сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2021 годзе? Ці застаюцца ў краіне магчымасьці весьці праваабарончую працу? Ці зьмянілася азначэньне палітвязьня, якім апэруе беларуская праваабарончая супольнасьць? Якой будзе сытуацыя з правамі чалавека ў 2022 годзе?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае праваабаронца, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.
ГулакМы запачаткавалі Нацыянальны індэкс правоў чалавека.
За мінулыя гады мы ўжо зрабілі яго, за 2021 год ён будзе гатовы празь месяца паўтара.
Улады ўвесь год працягвалі перасьлед апанэнтаў, які пачаўся летась.
Гэта дайшло да ўзроўню страты ўсялякага сэнсу і права.
Калі мы працавалі над Нацыянальным індэксам, стала відавочна, што цяперашняя сытуацыя — ня новая зьява.
Гэта вынік сыстэмных хібаў, якія назапашваліся ўсе мінулыя гады.
Крытэры ацэнкі, хто зьяўляецца палітвязьнем, а хто не, у праваабарончай супольнасьці не зьмяніліся.
Крытэры — рэч унівэрсальная, яны не пад Беларусь зробленыя і не адмыслова пад пэўную сытуацыю.
Калі ўладзе «не да законаў», гэта ня значыць, што праваабаронцам не да крытэраў.
Таму мы і можам параўноўваць, бо раней пры такіх жа падыходах раней былі 1-2 палітвязьні ці наагул не было.
Самі праваахоўнікі агучвалі лічбу — каля 4 тысячаў крымінальных справаў распачата ў сувязі з леташнімі пратэстамі.
Усе гэтыя справы палітычна матываваныя.
Не магу выключаць, што інфармацыя пра пэўных асуджаных не трапляе да праваабаронцаў.
Некаторыя асуджаныя не хочуць, каб інфармацыя пра іх рабілася публічнай.
Пад перасьлед з палітычных матываў трапіла больш людзей, чым тыя, каго прызналі палітвязьнямі.
Юрыдычна зьнішчаныя шмат грамадзкіх арганізацыяў.
Але права на аб’яднаньне можа быць рэалізаванае ня толькі ў выглядзе стварэньня юрыдычнай асобы.
З таго, што грамадзкія арганізацыя зьліквідавалі, не вынікае, што грамадзянская супольнасьць зьнішчаная.
Улады гэтага хацелі б, але не такія доўгія рукі ў іх.
Зараз прымаецца закон аб пакараньні за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных альбо зьліквідаваных арганізацыяў.
Але пакуль не забаронена займацца праваабаронай у індывідуальнай якасьці, як фізычнай асобе.
Калі будзе забаронена і гэта, то мы вернемся да часоў дысыдэнцтва.
Але і тады людзі зьбіралі інфармацыю і абнародавалі яе.
І тады не было такіх інфармацыйных інструмэнтаў, якія ёсьць зараз.
Зараз гэта лягчэй рабіць, чым 40-50 гадоў таму.
Раней у нашай найноўшай гісторыі не было такіх працяглых пэрыядаў катастрофы з правамі чалавека.
І пакуль канца гэтаму не відаць.
Міжнародныя інструмэнты абароны правоў чалавека ў Беларусі ёсьць, але іх дзеяньне вельмі апасродкаванае і доўгатэрміновае.
Міжнародная сыстэма абароны правоў чалавека існуе, каб дапамагаць асобным краінам.
Прымусіць краіну ніхто ня можа, ёй могуць раіць, падказваць, яе могуць крытыкаваць.
Калі ўлады краіны гэтага ня слухаюць, тады пачынаецца пошук іншых інструмэнтаў уплыву.
Пасьля заяваў, асуджэньня і ўгаворваньня пачынаюцца санкцыі.
Ня тое каб санкцыі былі добрым інструмэнтам. Але міжнародная супольнасьць ня бачыць іншых.
Няма дыялёгу, каб улады прызнавалі, што праблемы ёсьць, каб яны спрабавалі іх вырашыць.
Перад 2020 годам быў нават «росквіт дэмакратыі», «сьветлыя часы» у кантэксьце найноўшай беларускай гісторыі.
Гэта працягвалася, пакуль улада не ўсьвядоміла, што гэта можа прывесьці да яе зьмены.
Я б зараз не рабіў адназначнага прагнозу на 2022 год.
Сытуацыя можа яшчэ пагаршацца і даволі працяглы час.
Тады сыстэма будзе шукаць новых ворагаў і адпаведна прадукаваць новых палітвязьняў.
Альбо пад узьдзеяньнем розных чыньнікаў нехта на самым версе вырашыць, што так далей нельга.
Тады будуць уключацца мэханізмы «адкручваньня назад».
У канцы 2020 году я думаў, што прагматыкаў ва ўладзе акажацца больш.
Летась было зразумела, што паўстаньне прыдушылі, але любові народнай не здабылі.
Яны пайшлі шляхам «не шукаць складаных выйсьцяў».
І чым далей, тым больш сытуацыя заганяецца ў тупік і тым больш складана шукаць выйсьце.
Я зараз чытаю розныя варыянты вырашэньня — ад сілавога да перамоўнага.
Мне здаецца, што і адзін і другі, па-першае, ня маюць сэнсу, а па-другое — немагчымыя.
Праваабарончая дзейнасьць будзе працягвацца ў кожным разе.