Негалосна забароненая ў савецкі час паэма Пятра Глебкі «Карменсіта» з’явілася на канале праекта «Непаслухмяныя дзеці кастрычніка»
            
                2025-10-31 16:08
            
             
                        
                
«Непаслухмяныя дзеці кастрычніка» — інтэрнэт-праект, дзе можна паслухаць творы рэпрэсаваных і расстраляных у 1930-х гадах беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Тут была выкладзена паэма Пятра Глебкі «Карменсіта», фактычна забароненая ў савецкі час з-за ідэалагічнага зместу.
«Пятро Глебку рэпрэсіі — у нашым разуменні — абышлі. Яго не высылалі ў лагер, не расстрэльвалі, як ягоных калег. Аднак лёс аўтара — прыклад перамогі аўтарытэта над вялікай рызыкай трапіць пад сталінскі каток, — распавядае пра знакавы твор каманда праекта. — Гэта прыклад такога, а не іншага выбару — за жыццё аддаць творчасць, памкненні. Пагадзіцца на расстрэл сваёй творчасці і пражыць надламаным, не мець магчымасці пісаць тое, што хочацца».
Паэма «Кармэнсіта» ўпершыню прагучала са сцэны опернага тэатра ў Мінску. Пасля гэтага яе негалосна забаранілі, пад няміласць трапіў сам Глебка. У творы — пошук выйсця са становішча, дзе вельмі мала прасторы для выбару. Гэта — тыя самыя душэўныя пакуты аўтара.
Літаратуразнаўца і даследчыца 
Ганна Севярынец лічыць, што ёсць чатыры міжваенныя паэмы, праз якія можна ўбачыць той час менавіта знутры самога часу.
«Гэта „Кругі“ Уладзіміра Дубоўкі, „Калі асядае муць“ Тодара Кляшторнага, „Тастамент“ Уладзіміра Жылкі і „Кармэнсіта“ Пятра Глебкі. У іх — усё: і бязмежная вера, і нечаканая роспач, і прызнанне паразы, і пошук кампрамісу. „Кармэнсіта“ — якраз пра кампраміс. Пра тое, як чалавек ламае сябе праз калена, каб адпавядаць „лініі партыі“, як супраціўляецца ягоная творчая натура, як балюча і пакутна трашчаць косці — але ў рэшце рэшт ламаюцца пад націскам эпохі», — адзначыла яна.
Reform.news удалося знайсці ў сеціве 
фрагмент тэлеспектакля паводле 
«Карменсіты» ў пастаноўцы 
Віктара Карпілава — праект быў ажыццёўлены на БТ у 1980 годзе. У галоўных ролях у тэлепастаноўцы задзейнічаны: Зоя Белахвосцік, Аляксандр Гарцуеў, Андрэй Кашкер, Раман Еўраеў, Эдуард Піно.
 
Можна сказаць, што тэлеспектакль стаўся своеасаблівым вяртаннем твора да шырокага чытача ў часы адноснага паслаблення цэнзуры.