80 гадоў таму трагічна загінуў Янка Купала
2022-06-28 16:39
28 чэрвеня 1942 года ў Маскве пры невысветленых абставінах загінуў Янка Купала – вялікі беларускі нацыянальны дзеяч, адзін з духоўных сімвалаў Беларусі, народны паэт Беларусі.
У яго гонар сёння названы вуліцы і плошчы, створаны музеі, узведзены помнікі, яго вершы вучаць напамяць беларускія школьнікі і студэнты.
Прычына смерці Янкі Купалы да сённяшніх дзён застаецца даволі туманнай. Восенню 1941 года беларускі песняр разам з жонкай Уладзіславай Францаўнай апынуўся ў татарскім сяле Печышчы каля Казані, куды падчас вайны эвакуявалі Саюз пісьменнікаў. Адтуль яго выклікалі ў Маскву, куды пісьменнік паехаў адзін. Яго пасялілі ў атэль “Масква” у нумар 414. Вечарам 28 чэрвеня паэт выпаў у лесвічны пралёт атэля паміж 9 і 10 паверхамі і, праляцеўшы больш дзесяці метраў, разбіўся насмерць. Сёння вядома толькі адно, што на самазабойства паэт не пайшоў, тым больш, што ён запрашаў сяброў і многіх пісьменнікаў на сваё 60-годдзе. Хутчэй за ўсё беларускага песняра забілі супрацоўнікі НКУС…
У архівах ФСБ Расеі да сённяшняга часу захоўваюцца засакрэчаныя дакументы, якія могуць дапамагчы адказаць на пытанне пра тое, як насамрэч загінуў народ паэт Беларусі. Але на ўсе запыты з Беларусі, у тым ліку і з музея Янкі Купалы ў Менску, адказаў з Масквы няма.
Цела паэта было крэміравана 1 ліпеня 1942 года і пахавана на Ваганькаўскіх могілках у Маскве. І толькі праз 20 гадоў, у 1962 годзе, урна з прахам беларускага класіка была перавезена ў Менск і перапахавана на Вайсковых могілках побач з магілай яго маці.
Беларускае Радыё Рацыя