Прэм’ера на канале «Будзьма дзецям»: лялечны відэаспектакль «Прыгоды мышак»


Аднойчы адзін тата захацеў пазнаёміць сваіх дзетак з жывёльным светам Беларусі. Як гэта зрабіць так, каб дзецям было цікава?

«Лепш за ўсё распавесці як казку», — вырашыў тата і прыдумаў казку пра мышак, потым яшчэ адну, і яшчэ... Так з’явілася цэлая серыя казак «Прыгоды мышак». А кампанія «Будзьма беларусамі!» і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў дапамаглі зрабіць паводле гэтых казак лялечны відэаспектакль. Ён ужо даступны для прагляду на дзіцячым ютуб-канале «Будзьма дзецям».

Галоўныя гераіні казак — палявая мышка Маша і хатняя мышка Даша, іх прыгоды і вандроўкі адбываюцца ў розных асяродках — полі, лесе, доме, норцы, а таксама ў розныя часы году — вясна, лета, восень, зіма. У сюжэце: сяброўства, небяспечныя прыгоды, захапленне танцамі, ласаванне прысмакамі, перавыхоўванне злодзеяў.

Пазнавальны эфект казак разлічаны на дзетак 3-8 гадоў, забаўляльны — без межаў узросту.

Калі раптам вы не ведаеце, чым заняць свайго гарэзу, то спектакль «Прыгоды мышак» вам у дапамогу.

Уладкоўвайцеся зручней і глядзіце! Спектакль вельмі просты, душэўны, але разам з тым і досыць дынамічны, ён добра трымае ўвагу дзяцей.




Крыніца: Будзьма беларусамі!