Вольны Беларускі Універсітэт пачаў набор на шэраг курсаў для беларусаў і анансуе наступныя.
Адукацыя, асабліва на беларускай мове, мае асноватворнае значэнне для Беларусі, перакананыя
ва ўніверсітэце.
Літаральна на днях аб’яўлены набор на два курсы.
Курс «Школа маладых лідараў» адрасаваны беларускім лідарам – няўрадавых арганізацыяў, грамадскіх, акадэмічных, медыйных, культурніцкіх ініцыятываў – людзям, якія актыўна дзейнічаюць як унутры Беларусі, так і па-за яе межамі, якія займаюць актыўную грамадскую пазіцыю ды падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасці.
Калі: 4 сесіі па выходных з 9.00 да 14.30 (па Варшаве).
Што дае курс?
- сустрэчы з экспертамі па пытаннях дзейнасці грамадзянскай супольнасці
- удзел у дыскусіях з грамадскімі дзеячамі
- знаёмства з мадэллю лідарства
- вывучэнне метадаў пабудовы, кіравання і развіцця каманды
Другі курс «Сацыялогія недэмакратычных рэжымаў: этнаграфічны падыход». Выкладчык – вядомы даследчык Беларусі прафесар Ранан Эрвуэ (Універсітэт Бардо, Францыя). Курс прызначаны для ўсіх, хто цікавіцца сацыяльнымі навукамі і жадае адкрыць для сябе адмысловы погляд на недэмакратычныя рэжымы, заснаваныя на этнаграфічным метадзе доўгатэрміновага палявога вывучэння аб'екта даследавання.
Супольна з Цэнтрам еўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту ідзе набор на чатыры курсы ад выкладчыкаў універсітэту: Гісторыя Беларусі ў еўрапейскім кантэксце (выкладчык – прафесар Аляксандр Краўцэвіч); Беларускі нацыянальны рух у XIX – XX стст. (выкладчык: прафесар Сяргей Токць); Стратэгічнае праграмаванне тэрытарыяльнага развіцця (выкладчыкі: праф. Марта Ляцкоўска, д-р Пётр Жубэр i д-р Анна Дамброўска); Асновы дэмакратычнага дзяржаўнага ладу (выкладчыца: д-р Юстына Олендзка).
Курсы праходзяць анлайн, а таму да іх можна далучацца з усіх краін свету. Вольны Беларускі Універсітэт імкнецца стварыць вольную прастору для атрымання сучасных ведаў пра грамадства, палітыку, права, гісторыю. Удзельнічаць у курсах могуць і людзі, якія жывуць у Беларусі, хоць цяпер большасць грамадскай актыўнасці можа быць небяспечнай.
Вольны Беларускі Універсітэт дзейнічае на апярэджанне. Адукацыя мае асноватворнае значэнне для Беларусі, перакананы Алесь Лагвінец:
-Ёсць відавочныя рызыкі, якія мы ўсведамляем, якія ёсць у выпадку грамадскай актыўнасці ў Беларусі. Але мы відавочна працуем на будучыню. Мы ведаем, што ёсць рэчы, якія можна рабіць, можна яднаць людзей, нават у цяперашніх умовах у Беларусі. Мы хочам даць беларусам гэты глыток паветра. Адукацыя мае асноватворнае значэнне для Беларусі, асабліва адукацыя на беларускай мове. Гэта таксама магчымасць, жаданне і здольнасць яднацца дзеля таго, каб зрабіць нашую краіну нармальнай, якая глядзіць у будучыню, а не апіраецца на дэманах мінуўшчыны і палюю на ўласных грамадзян.
Поўная размова з Алесем Лагвінцом – у далучаным гукавым файле.
ав