- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Здаецца няма ўжо ніякай галіны публічнай дзейнасці, якая яшчэ не абанкруцілася. Крызісны стан вельмі выразна відаць таксама на чыгунцы. У Падляшскім ваяводстве штогод зачыняюцца чарговыя лініі, якія будаваліся тут ад часу панавання Раманавых. Царскі вакзал у Беластоку, які ў ХІХ стагоддзі будавалі паўтара года, цяпер у эпоху касмічнай тэхналогіі рамантуюць дванаццаты год і ніхто не ў змозе прадбачыць канца гэтых прац. Вакзал вялікага чыгуначнага вузла напамінае гмінную астаноўку. Дарэчы, разам са спыненнем руху з Усходам беластоцкі вакзал ажыўляецца толькі тады, калі ад’язджаюць цягнікі ў Варшаву, запоўненыя ўсялякімі чыноўнікамі з камандзіроўкамі ў партфелях. Апошнім часам і мне некалькі разоў прыйшлося карыстацца чыгуначным транспартам у напрамку сталіцы. Найбольш выгаднае спалучэнне гэта экспрэс „Міцкевіч”, які праз Варшаву едзе ў Познань. Цана на гэты цягнік у два разы вышэйшая чым на звычайны, хаця дарогу з Беластока ў Варшаву пераязджае ён толькі на 10 мінут хутчэй. Раней вылучаўся гэты цягнік прынамсі тым, што ўнутры было чыста. Можна было сесці на сваё месца без страху, што ад кантакту з лаўкай штаны не памяняюць свайго натуральнага колеру. Можна было таксама абаперці галаву на чысты, белы падгалоўнік. (Я. Мірановіч, Чыгункай у Еўрасаюз, фрагмэнт)