- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вясною 1918 года пра незалежнасць пачалі думаць народы, эліты якіх раней марылі толькі пра культурную аўтаномію ў межах Расіі. Апрача палякаў да І сусветнай вайны ніводзін са звыш ста народаў Імперыі Раманавых не праяўляў імкненняў да незалежнасці. Латышскія ці эстонскія эліты з-за канфлікту з пражываючымі на іх тэрыторыі немцамі пераконвалі свае грамадствы пра неабходнасць замацоўвання цесных сувязяў прыбалтыйскіх правінцый з Пецярбургам. У параўнанні да латышоў ці эстонцаў, якія ў 1918 годзе стануць жыць у сваіх дзяржавах, беларускія эліты на пачатку ХХ стагоддзя разважалі прынамсі пра палітычную аўтаномію ў „дэмакратычнай Расіі”. Беларусы не надта адставалі ў нацыянальным працэсе, калі параўнаць іх імкненні з суседнімі народамі. Большасць народаў у 1918 годзе аб’явіла незалежнасць сваіх правінцый па прычыне сітуацыі, якая ўзнікла ў Расіі. Прыбалты і ўкраінцы панічна баяліся пашырэння бальшавізацыі на свае краіны. Таму нават прыхільнікі сацыялізму далучаліся там да незалежніцкіх лагераў. У Беларусі бальшавікі спачатку ўспрымаліся як саюзнікі ў вырашэнні нацыянальных спраў. Дарэчы, бальшавікі не перашкаджалі беларускім дзеячам у арганізаванні нацыянальнага жыцця. Беларускімі дзеячамі ўспрымаліся яны як легітымныя пераймальнікі расійскай улады і заадно партнёры для далейшых размоваў. (Я. Мірановіч, Першы крок да незалежнасці, фрагмэнт)