- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Дата 25 сакавіка не пакідае абыякавым ніводнага чалавека, які адчувае сябе членам беларускай нацыянальнай супольнасці. Гэтая дата — сімвал, такі ж як бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. Для адчуваючых сябе саветамі такімі святымі сімваламі з’яўляюцца дата 7 лістапада, чырвоны сцяг і серп з молатам, для палякаў — 18 лістапада, бел-чырвоны сцяг і арол з каронай. У выпадку гэтых апошніх арол без кароны ўспрымаўся як праява прыніжэння. У сітуацыі беларусаў прыніжальнымі з’яўляюцца лукашэнкаўскі чырвона-зялёны сцяг і нейкі герб, які мог бы быць сімвалам калгаснай, але не нацыянальнай супольнасці. Таму, пакуль над парламентам Беларусі ў Мінску зноў не залунае бел-чырвона-белы сцяг, ніводзін беларус не павінен адчуваць, што яго Бацькаўшчына з’яўляецца свабоднай краінай. 25 сакавіка — дзень надзеі. У 1918 г. упершыню нашы продкі, у крайне неспрыяльных умовах, аб’явілі сваім суседзям, што хочуць стаць гаспадарамі на сваёй зямлі. Іх воля не была ўшанавана, але ва ўмовах мяняючыхся акупацый заўсёды нехта, прыпамінаючы гэтую дату, заяўляў нашаму, пазбаўленаму надзеі грамадству, што і сярод нас былі таксама адважныя, якія рашыліся жыць як свабодныя людзі, не зважаючы на шалеючыя вакол варожыя сілы... (Я. Мірановіч, Дзень надзеі, фрагмэнт)