- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Чатырнаццаць гадоў таму канец красавіка быў вельмі цёплы. Ранняя вясна заахвочвала старых і маладых цешыцца веснавым сонцам. Хаця набліжалася свята Пасхі, у Беларусі большасць людзей рыхтавалася да першамайскіх шэсцяў. Ніхто аднак не ведаў, што з яснага неба на зямлю сцякала нябачная смерць. 26 красавіка 1986 г. на ўкраінскай атамнай электрастанцыі здарылася аварыя. Сотні тон радыеактыўнага пылу павісла ў паветры. Раніцай 27 красавіка вецер накіраваў гэтую масу ва ўсходнім напрамку. Пагражала гэта экалагічнай катастрофай для паўночнай Украіны і заходніх абласцей Расіі. З Масквы прыйшоў тады загад да вайсковых авіяцыйных базаў у Беларусі стварыць хімічную заслону для смертаноснай хмары і прызямліць яе вакол месца аварыі. Чарнобыль знаходзіцца недалёка беларускай мяжы. Звыш 70 працэнтаў радыеактыўных выкідаў з палаючай электрастанцыі ўпала на тэрыторыю Беларусі. У паўднёва-ўсходніх раёнах рэспублікі прапалі ўмовы для якога-небудзь нармальнага біялагічнага жыцця. Забруджанай стала чацвёртая частка краіны, а найбольш — Гомельская і Магілёўская вобласці. У зоне высокай радыяцыі апынулася больш за 2,2 мільёна чалавек, пятая частка насельніцтва Беларусі. (Я. Мірановіч, Смерць з яснага неба, фрагмэнт)