- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Расказвала мне знаёмая, якая ўжо трэці тыдзень сядзіць у шпіталі каля цяжка хворай маці, як выглядае сітуацыя тых пацыентаў, якіх сям’я наведвае раз у тыдзень. Медычныя службы выконваюць усё згодна з правіламі і фармальна няма ніякіх падставаў, каб абвінаваціць іх у чым-небудзь. Раніцай паралізаванай жанчыне наліваюць у кубак чай, у абед прыносяць кампот, чай выліваюць, а кубак запаўняюць кампотам. Вечарам у ракавіну выліваюць кампот, а яго месца займае збожжавая кава. Знаёмая заўважыла, што ад чатырох дзён кубка ніхто не паласкаў. На пяты дзень пацыентка памерла. Праўдападобна ўнутраныя законы, якія акрэсліваюць рэгламент працы шпітальнага персаналу, не вызначаюць медсёстрам абавязку карміць і паіць лыжкай цяжка хворых пацыентаў. Іншая сітуацыя, калі хворы — вядомая асоба, або калі ў хворага заможная ці вядомая сям’я. Тады нават ардынатар прыходзіць кожнага дня пытаць пра самаадчуванне падапечнага, а каля яго ложка кожныя некалькі мінут стае гатовая да паслугаў медсястра. (Я. Мірановіч, Чай, фрагмэнт)