- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Аўтобус пэкаэсу, што рана з Саколкі едзе ў Сідэрку, паступова губляе пасажыраў і з Паўловіч у Залессе прыязджаю ўжо сам; шчаслівенька на маё месца падбірае іншага, пусты не паедзе. Само Залессе вітае дзень спакоем, пункт прыёму малака ўжо закрыты, крама сідранскага гээсу толькі будзіцца. Абедзве ўстановы ў прыстойным месцы — насупраць касцёла. Касцёл у Залессі пастаўлены ў 1602 годзе, але гэты рупліва задбаны помнік выдатнай даўніны крочыць з духам часу, несучы на адной з вежаў спадарожнікавую „талерку”, якая, мабыць, прымае багаслоўскую страву проста з неба. Перад касцёлам каменная стэла Юзафу Пілсудскаму. Каля адгалінавання дарогі ў Беняшы стаіць двухпавярховая мураванка ранейшай школы. І хаця быццам два ці тры гады таму купіў гэты будынак нейкі беластачанін, лёс збудавання падобны да лёсу ўсіх пакінутых аб’ектаў: шмат шыб пабіта, некаторыя разам з рамамі. Недалёка ад школы парафіяльныя могілкі, дзе магілы трымаюцца шчыльна, занадта не распаўзаючыся. Месца для іх адведзена многа і, беручы пад увагу сённяшнія дэмаграфічныя тэндэнцыі, павінна яго хапіць да канца свету. Многа тут намагільных крыжоў не з бетону ці каменя, але з металічных труб.