- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мая маладосць, навука і амаль усё працоўнае жыццё прайшло ў часы так званай народнай улады. Потым жыў я ў Трэцяй, а цяпер жыву ў Чацвёртай Рэчы Паспалітай. Як гэта бывае са старэйшымі людзьмі, часта вяртаюся ў думках да сваёй і нашай нялёгкай мінуўшчыны, прабую аналізаваць яе, параўноўваць. І як не дзіўна, мая ацэнка гэтых нашых трох Польшчаў не зусім супадае з ацэнкай нашых навукоўцаў і, тым больш, сучасных палітыкаў. Паводле іх ацэнкі Народная Польшча гэта проста нейкае непаразуменне, татальнае фэ. І найлепей забыць пра яе і больш не ўспамінаць, каб не скампраметавацца. Успаміны пра яе, тым больш нейкія цікавыя, добрыя прыклады з таго часу, многімі сучаснымі палітыкамі і дзеячамі ўспрымаюцца як „pierdnięcie” ў знакамітай кампаніі. А мяне, напрыклад, крыўдзіць такая ацэнка дзяржавы, якая праіснавала даволі доўга ў такі складаны час і ўсё ж такі дала ўсім нам магчымасці вучыцца, здабываць розныя прафесіі, адысці з перанаселеных вёсак і працаваць згодна з набытымі прафесіямі. А многім адначасна працаваць і вучыцца. Было, канешне, многа і несправядлівасці, непатрэбнай шуміхі, паказухі і нават дурноты ў той час. Але скажыце дзе яе не бывае?! Значыць, за ўсе адмоўныя справы трэба яе крытыкаваць, а за добрыя часам і пахваліць.