- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На выбарах у Падляшскі сеймік (30 радных) Беларускі выбарчы камітэт першы раз ставіць поўныя спіскі кандыдатаў ва ўсіх пяці акругах ваяводства. Побач беларусаў апынуліся на іх таксама палякі і літоўцы. БВК з’яўляецца адным з шаснаццаці камітэтаў, якія змагаюцца за галасы выбаршчыкаў. Рашучая большасць камітэтаў гэта палітычныя партыі. Некаторыя з іх зблакіраваліся разам з іншымі, непартыйнымі або не поўнасцю партыйнымі камітэтамі. Яўген Вапа, старшыня Беларускага саюза ў РП, галоўны рэдактар „Нівы”, лідзіруючы спіску БВК у акрузе н р 5 (Гайнаўскі, Сакольскі, Беластоцкі, Монькаўскі паветы) тлумачыць: — Ніхто за нас не будзе гаварыць аб нашых справах. Палітычныя партыі хацелі б, каб меншасці памяталі аб іхніх выбарчых спісках, а яны самі пасля аб меншасных праблемах забываюцца. Як сказаў праф. Ян Чыквін, мы запрашаем, якраз запрашаем да галасавання на нашы спіскі, бо так падказвае і розум, і сэрца. У нашых кандыдатаў свая думка, у большай часткі з іх вопыт працы ў самаўрадзе, ды перш за ўсё яны ўмеюць выступіць ад нашага імя і абараняць нашы інтарэсы на форуме Падляшскага сейміка, найбольшай улады ў ваяводстве. Гэтыя выбары паказваюць таксама, што БВК ужо ўмацаваўся ў выбарчым краявідзе Падляшша, мае прэстыж, бо ўсё больш людзей хоча балатавацца якраз са спіскаў гэтага камітэта.