- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Юбілейны гала-канцэрт XV Фестывалю „Беларуская песня-2008”, сарганізаваны ў беластоцкай спартзале „Влукняж”, адбіўся шырокім рэхам. Ды справа тут зусім не ў мастацкіх каштоўнасцях. Калі на сцэне з песняй „Цячэ вада ў ярок” выступаў мінскі ансамбль „Свята”, які, як і іншыя групы прэзентаваўся на чырвона-зялёным фоне (нацыянальныя колеры Беларусі, дазволеныя адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі), пад сцэнай двух маладых студэнтаў разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг — сімвал свабоднай Беларусі. „Змаганне” за сімволіку, якая не ў смак кіруючым колам у Беларусі, пачалося ўжо перад канцэртам. Станіслаў Буйніцкі, палітуцякач з Беларусі, хацеў унесці ў залу сцяг (а быў гэта неразгорнуты бела-чырвоны польскі сцяг). Арганізатары гала-канцэрта — Таварыства беларускай культуры і Беларускае грамадска-культурнае таварыства — аднак да гэтага не дапусцілі. Сапраўдная — як кажа моладзь — zadyma адбылася ў другой частцы канцэрта, у час якой выступалі госці з Беларусі. Амаль адразу пасля таго, як сцяг свабоднай Беларусі разгарнулі стыпендыяты праграмы дапамогі рэпрэсаваным беларускім студэнтам імя Кастуся Каліноўскага, у акцыю рашучым крокам уступіў Мікола Яноўскі, ваяводскі радны ад ПСЛ, нядаўна яшчэ (у часы папярэдняй кааліцыі ПіС-ПСЛ, да цяперашняй кааліцыі ПО-ПСЛ) член падляшскай управы. Уласнаручна спрабаваў ён вырваць сцяг з рук маладых людзей. Праз хвіліну далучыліся ахоўнікі, якія паклалі студэнтаў на лапаткі і вывелі... (М. Халадоўскі, Вайна са сцягамі, фрагмэнт)