- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Гэтыя нататкі маглі з’явіцца і на дзесятай старонцы ў спартыўнай рубрыцы. Але вялікі спорт ужо даўно перастаў быць проста забавай, ён усё больш ператвараецца не толькі ў сацыяльную з’яву, але і, на жаль, у інструмент палітычных гульняў і інтрыгаў. З’яўляючыся з дзяцінства прыхільнікам спорту, апошнія гадоў дзесяць падчас трансляцый з кожных спаборніцтваў, я зацята хварэю супраць расійскіх каманд. Некаторыя мае сябры даводзяць (і напэўна слушна!), што можна заўзімацца толькі „за”, а „супраць” нельга. Але мне здаецца, што русафобіі ў маёй паставе няма. Нічога не маю супраць асобных расійскіх спартоўцаў, некаторым, такім як тэнісістка Марыя Шарапава, ці хакеіст Сяргей Фёдараў, сімпатызую. А перажываю супраць расійскіх каманд таму, што кожная іх спартовая перамога выклікае ў гэтай краіне не столькі гонар і патрыятызм, колькі чарговы прыступ шавінізму і пагардлівасці да пераможаных. Мяркую пра гэта па расійскай прэсе і інтэрнэтнай прасторы. Акрамя таго, кожная вікторыя на спартовых арэнах прыватызуецца вышэйшым кіраўніцтвам дзяржавы і мусіць служыць пацвярджэннем правільнасці дзяржаўнага курсу. Зрэшты, з апошнім тая самая сітуацыя і ў Беларусі, толькі перамог куды меней. Чарговы фінал Лігі чэмпіёнаў быў аддадзены на правядзенне ў Маскве. І трэба ж было такому стацца, што ў фінал разам з англійскім „Манчэстэр Юнайтэд” прабіўся яшчэ адзін клуб з туманнага Альбіёна — лонданскі „Чэлсі”... (У. Хільмановіч, Уладары алімпійскіх кольцаў, фрагмэнт)