- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Гэта падзея. Падрыхтоўкі да выставы „Беларускія перспектывы” ў беластоцкай галерэі „Арсенал” працягваліся паўтара года. Адрэкамендавалася на ёй чатырнаццаць мастакоў (плюс госць з Украіны), ствараючых сучаснае мастацтва, блізкае пануючым на Захадзе напрамкам. Гэтыя творцы прымяняюць разнародныя тэхнікі выяўлення, дэманструюцца ва ўсім свеце, шмат іх пражывае цяпер за мяжой (галоўным чынам у Нямеччыне), але ў іх працах непасрэдна ці пасрэдна можна знайсці спасылкі на беларушчыну. Асобай адказнай за канцэпцыю выставы з’яўляецца гісторык мастацтва Анна Лазар з Варшавы. Падтрымлівала яе гісторык і гісторык мастацтва Марыя Руберш. Анна Лазар у размове з „Нівай” сцвердзіла, што пачала пошукі мастакоў да прэзентацыі ў Беластоку ад „першабытнага” падарожжа ў Беларусь і наладжвання кантактаў з мастацкім асяроддзем. Такім чынам натрапіла яна на тройку, якая стала канчаткова куратарамі выставы — Таццяну Бембель (крытык мастацтва з Мінска), Артура Клінава (выдавец і галоўны рэдактар мінскага часопіса пра сучаснае мастацтва „пАРТісан” і Лену Прэнц (гісторыка мастацтва, ураджэнку Мінска, пражываючую ў Берліне). — Мы вызначылі, што выберуць яны па трох мастакоў, якія даследуюць у сваёй творчай дзейнасці пытанні мастацкай мовы. Асноўным пытаннем было, чым беларуская мова мастацкага выяўлення адрозніваецца ад тае, якая абавязвае ў нашых мастацкіх рэаліях, універсальных еўра-амерыканскіх рэаліях... (М. Халадоўскі, Перспектывы сходныя і расходныя)