- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Гомельскія дойліды пабудавалі на сваю галаву і галаву наступных дзесяткаў пакаленняў маскоўскі Крэмль, які стаўся нашай Вавілонскай вежай. Гэтая вежа накрыла нас на доўгія стагоддзі. Накрыла так, што аж мову адбіла. Іншая вежа — Астанкінская — у новым веку „прамывае” мазгі капітальна — аж да парэшткаў свядомасці. Занялі б мы даўно „свой пачэсны пасад”, каб не сунуў г...но такі добранькі „брат”. Але і самі не лепшыя — бульбашы на шашы. І дарога гэтая, наша роля і доля, некім даўно фатальна вызначаная... Іхны Мендзялееў вынайшаў табліцу перыядычных хімічных элементаў (гэтымі элементамі, такімі як палоній, перыядычна паспяхова карыстаюцца сённяшнія маскоўскія „хімікі”). А наш Іваноўскі перакладаў яму выступ у Брытанскім геаграфічным каралеўстве, бо вынаходнік табліцы не ведаў англійскай мовы. Іваноўскі-бацька, зрэшты, быў хутчэй іхны — вернападданы яго імператарскай вялікасці. Да ўсяго знішчыў першую беларускую газету, якую ціснуў ягоны сын Вацэк у родавым маёнтку Лябёдка. Дзеці нашай Лябёдкі, дарэчы, цягнулі кожны ў свой бок — нібы тыя лебедзь, рак і шчупак з іхнага Крылова. Хоць ты казку складай: было ў бацькі-расейца тры сыны — беларус, паляк і жмудзін. А нашчадкі? На тое ён наш і Страцім-Лебедзь... (Браты, У. Хільмановіч, фрагмэнт)