- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
„Намалюй мне вясну”, — спявае адзін з удзельнікаў фестывалю „Бардаўская восень” гурт „Босае сонца”. Затое маляваць сёлетнюю восень узяўся Міхал Анемпадыстаў і намаляваў грушу. Такім салодкім і прывабным стаў шаснаццаты выпуск гэтага фестывалю. Тры дні, з 23 па 25 кастрычніка, эмацыянальна зараджалі слухачоў выступоўцы з Беларусі і Падляшша. Як глядач і, заадно, выканаўца пастараюся рассунуць шторы сёлетніх „Бардаў”. Цяжкія, мяккія ды спакуслівыя. — Ужо зараз не так шмат турбуюся за ўдачу, — яшчэ да фестывалю тлумачыў мне Міхал Сцепанюк, старшыня Звязу беларускай моладзі, арганізатара мерапрыемства. Ён не піянер, а фестываль мае ўжо добра распрацаваную сістэму арганізацыі. — Не выспаны, — да мяшка пачуццяў дакінуў Ігар „Поўная галава думак” Лукашук, чалавек якога, здаецца, можна без сумнення назваць дырэктарам „Бардаў”. Няма як спаць у час фестывалю. Адзін раз у год здараецца магчымасць сустрэць на даўжэйшую хвіліну такіх кантэстатараў як графік і інтэлектуал Міхал Анемпадыстаў, ці такіх майстроў гуку як Аляксандр Шувалаў — баяніст і сябра Зміцера Вайцюшкевіча. Кампанія намнога большая, але ўжо добра вядомая. Толькі конкурснікі мусяць неяк хутка прыстасавацца да новых умоў: даверу і сяброўства. (І. Карпюк, Спаборніцтва ў галіне эмоцый, фрагмэнт)