- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Хаця часта здараецца нагода пабываць у Беларусі, але выехаць на ўсход далей за Мінск удалося мне толькі двойчы. Пры канцы траўня г.г. Міжнародная акадэмія вывучэння праблем нацыянальных меншасцей і Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія арганізавалі канферэнцыю на мяжы Беларусі і Расіі, таму я вырашыў пакарыстацца запрашэннем, каб пабачыць амаль зусім невядомую мне частку рэспублікі. У мястэчку Горкі, у якім адбывалася канферэнцыя, галоўнай установай з’яўляецца ўспомненая Акадэмія, а горад у сапраўднасці — толькі дадатак да яе. З’ехалася некалькі дзесяткаў палякаў і расіян, усе чыталі даклады на сваіх мовах, палякі разумелі расіян, расіяне зусім не ведалі аб чым ім правяць палякі. А было б ім чаго паслухаць. Падчас банкета, які падрыхтавалі ўлады раёна і Акадэміі, з узаемаразуменнем было ўжо значна лепш. Тосты ўзносіліся бесперарыўна, а іх пераважная большасць датычыла „единства славянских народов”. За „единство” славян падымалі кілішкі палякі, рускія і жыды так часта, што цяжка было паспець перакусіць паміж тостамі. Ветэраны навукі і партызанскага руху са Смаленска доўга не маглі развітацца з гасціннай беларускай зямлёй, на якой заставаліся яшчэ польскія таварышы і скрынка знакамітай „Пшанічнай”. (Я. Мірановіч, Леніна, Катынь, Смаленск, фрагмэнт)