- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У міжваенны перыяд у межах Польшчы пражывала каля 35 працэнтаў грамадзян няпольскай нацыянальнасці. Адносіны дзяржавы да нацыянальных меншасцей не былі найлепшымі, пра што сведчаць іх скаргі ў Лігу нацый. Гэта міжнародная арганізацыя з сядзібай у Жэневе разглядала спачатку ці пастаўленыя закіды абгрунтаваныя і патрабавала ад урада адказаў на сотні пытанняў. Скаргі ад немцаў, украінцаў і беларусаў прымушалі Міністэрства замежных спраў Польшчы і пасольствы ў заходнееўрапейскіх краінах да вялікай актыўнасці па апраўданні ўнутранай палітыкі свайго ўрада. Першую скаргу беларусы вырашылі напісаць у сакавіку 1925 г. У прыватнай кватэры Антона Луцкевіча ў Вільні сабраліся паслы і сенатары ад Беларускага пасольскага клуба, а таксама Радаслаў Астроўскі і Неканда-Трэпка. Сход адбываўся ў поўнай канспірацыі, таму і месцам сустрэчы была прыватная кватэра. Беларускія дзеячы хацелі дыскрэтна падрыхтаваць праект скаргі, каб пазбавіць паліцыю і дыпламатаў магчымасці супрацьдзеяння. У ходзе дыскусіі сабраныя падзялілі паміж сябе працу. (Я. Мірановіч, Скарга беларусаў, фрагмэнт)