- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У навагодніх беларускамоўных перадачах Радыё „Рацыя” і Радыё „Бялысток” мясцовыя палітыкі ад Саюза левых дэмакратаў — Ян Зенюк, Ян Сычэўскі і Яўген Чыквін, а таксама іншыя беларускія дзеячы шмат гаварылі пра фінансаванне культуры нацыянальных меншасцей у Падляшскім ваяводстве. Найбольш увагі прысвяцілі яны адсутнасці планаваных выдаткаў у бюджэце Маршалкоўскай управы. Райцы правых партый у Ваяводскім сейміку рашуча адмаўляюцца выдзяляць грошы на нацыянальныя меншасці. Зусім не здзіўляе мяне стаўленне мясцовых правых нацыянальных і клерыкальных партый да беларусаў, але не магу зразумець абурэння прадстаўнікоў Саюза левых дэмакратаў. Гэта выглядае так, як абурацца на ваўка, што з’еў барана, замест наесціся травы. На маю думку, беластоцкія эндэкі ў адносінах да беларусаў паводзяць сябе вельмі сумленна. Адкрыта заяўляюць, што спасылаюцца на традыцыі даваеннага перыяду і ніколі не дэкларавалі, што любяць ці шануюць нейкіх „рускіх”. Наогул не разбіраюцца яны ў гэтых нашых унутраных нацыянальных ці палітычных падзелах. У іх вачах і так усе з’яўляемся маналітам, „кацапскай” масай, на дадатак камуністычнай арыентацыі. Яны вельмі паслядоўныя ў сваіх паводзінах. Немагчыма ім паставіць закід у крывадушнасці. Нічога і ніколі яны беларусам не абяцалі. Тое, што нічога не далі, з’яўляецца тады станам тутэйшай нармальнасці. Калі б нешта падляшскія эндэкі прапанавалі, тады сапраўды можна было б здзіўляцца і пытацца: што сталася? (Я. Мірановіч, Чаму воўк любіць мяса, фрагмэнт)