- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Толькі якім коштам? Такое пытанне ставіць сабе кожны чалавек, які плаціць усё большыя падаткі і не ведае куды дзяваюцца яго грошы. Два месяцы таму беластоцкі сенатар Адам Ямруз быў абраны членам Вярхоўнага суда і згодна з законам пакінуў Сенат. У такім выпадку закон прадугледжвае выбар новага дэпутата вярхоўнай палаты польскага парламента. Кошт такой палітычнай акцыі складзе больш за 2 мільёны злотых. Каб вылучыць аднаго сенатара, трэба ў Падляшскім ваяводстве узнавіць усе камісіі — як падчас звычайных выбараў, правесці выбарчую кампанію, арганізаваць выбарчыя ўчасткі. Мясцовыя палітычныя кланы масава рушылі змагацца за крэсла свайму чалавеку. Вядома, выбарчая кампанія вядзецца за кошт дзяржаўнага бюджэту, а перамога — гэта ручаёк грошай у партыйную касу. Каталіцкія групоўкі пачалі выбарчую кампанію ў Гарадской радзе ў Беластоку, забараняючы будаваць царкву ў адным з кварталаў горада. Разлічваюць яны, што такім чынам мабілізуюць касцельны электарат, сваю „чорную сотню”. У адказ з праваслаўнага епархіяльнага цэнтра выйшаў адназначны сігнал пра поўную падтрымку Царквы Саюзу левых дэмакратаў. Быццам нічога новага не адбылося, але ў чарговы раз на Беласточчыне замацаваўся палітычны падзел грамадства на левых-праваслаўных і правых-католікаў. (Я. Мірановіч, Будзе новы сенатар, фрагмэнт)