- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У „Ніве” ўжо паведамлялася пра агульнабеларускія вынікі мінулагодняга перапісу насельніцтва. На пачатку года гродзенскім абласным упраўленнем статыстыкі былі падведзены асноўныя вынікі перапісу жыхароў Гродзеншчыны. Лічбы, прыведзеныя статыстыкамі Прынямоння выяўляюць як агульныя з іншымі рэгіёнамі краіны змены ў жыцці гродзенцаў, так і адметныя. Згодна агульнакраёвым вынікам насельніцтва Гродзенскай вобласці, у адрозненні ад усходніх рэгіёнаў краіны, нязначна павялічылася ў параўнанні з 1989 годам. На самай справе гродзенцаў становіцца ўсё менш. Змяншэнне колькасці жыхароў пачалося пяць гадоў таму. Калі да 1994 года назіраўся прырост насельніцтва і тады ў Прынямонні жыло 1 210 000 чалавек, дык у 1999 годзе гродзенцаў засталося 1 185 200 чалавек. Атрымоўваецца, што за чатыры гады развіцця адноснай дэмакратыі і свабоднай эканомікі насельніцтва вобласці павялічылася на 47 000 асоб, а гэта прыкладна такі горад як Слонім, то за столькі ж часу будаўніцтва рынкавага сацыялізму скарацілася яно на 25 000, ці на такі горад як Скідаль. Па словах начальніка гродзенскага ўпраўлення статыстыкі Віталя Бобрыка, калі колькасць насельніцтва будзе змяншацца такімі тэмпамі, да 2003 года гродзенцаў будзе столькі ж, як у 1989 годзе — 1 163 000 чалавек. Найбольш скарацілася вясковае насельніцтва. За час паміж апошнімі перапісамі, сялян стала на 10,8% менш. На пачатку 1999 года ў 4 312 вёсках Прынямоння жыло 444 100 чалавек. (Зміцер Кісель, Гродзеншчына ў лічбах, фрагмэнт)