- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пражываючы на Беласточчыне, праблемы памежжа часта бачацца нам у кантэксце беларуска-польскіх адносін. Часам нешта можна яшчэ ў нас пачуць пра літоўцаў і ўкраінцаў, а недзе, не цалкам далёка, відаць яшчэ цень вялікай Расіі. На другім баку Польшчы раскінуліся землі, якія да 1945 г. знаходзіліся ў межах Нямеччыны. Цяпер за ракой Одрай — саюзная дзяржава, партнёр Польшчы ў НАТА і Еўрасаюзе. Дыпламаты абедзвюх краін перад тэлекамерамі гавораць пра сяброўскія адносіны, паразуменне, прабачэнне ўзаемных крыўдаў. Хапае аднак пераехаць межы былога ІІІ Рэйха і зразу адчуваецца атмасфера змагання палякаў за заходнія крэсы. З вокнаў цягніка па маршруту Познань — Зялёна-Гура відаць яшчэ рэшткі нямецкай інфраструктуры. Старыя муры з чырвонай цэглы ў большасці закрытыя ўжо шматколернымі тынкамі, каменныя дарогі і сцяжынкі — пліткамі „польбруку”. У краявідзе дамінуюць новаўзведзеныя будынкі паводле ўзораў з камп’ютэрных каталогаў. Дакладна такія ж узнікаюць вакол Беластока. Толькі вакзалы, з-за недахопу дзяржаўных сродкаў на інвестыцыі ў чыгунку, выглядаюць як на архіўных фільмах пра ІІ сусветную вайну. (Я. Мірановіч, На нямецкім памежжы, фрагмэнт)