- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У міжваенны перыяд беларуская грамадскасць Беласточчыны, якая налічвала каля трыста тысяч чалавек, мела толькі аднаго пасла ў Сейме Польшчы — Паўла Валошына. У сапраўднасці быў гэта адзіны пасол, які ў Сейм трапіў са спіска нацыянальных меншасцей. Пасляваенная прысутнасць беларусаў у Сейме гэта вынік ласкі лідэраў польскіх партый. Хаця Валошын парламентарыем быў усяго тры гады, аднак яго прысутнасць у палітыцы заўважылі ўсе, асабліва пракуроры і паліцыянты з Беластока і Гродна. Валошын вылучаўся перш за ўсё надта шчырымі выказваннямі пра дзяржаўную палітыку на землях, дзе пражывалі грамадзяне беларускай нацыянальнасці. Палякі, якія тады пачыналі тварыць міф талерантнай і свабодалюбівай нацыі, вымушаны былі слухаць у Сейме пра катаванні беларускіх сялян у польскіх турмах, пра здзічэласць крэсавай адміністрацыі, пагардлівае стаўленне ўлад да мясцовага насельніцтва. Чулі пра сябе тое, што самі гаварылі пра расіян ці немцаў. Зразумела, прамовы Валошына не маглі падабацца таварышам Рамана Дмоўскага, Вінцэнта Вітаса ці Язэпа Пілсудскага. Таму яго палітычная кар’ера не была надта доўгая. (Я. Мірановіч, Пасол з Гаркавічаў, фрагмэнт)