- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Не кожнае мястэчка на Беласточчыне мае даследчыка свае мінуўшчыны. Веданне гісторыі свае мясцовасці для кожнага чалавека з’яўляецца тым самым, чым карані для дрэва. Аднак каб дайсці да каранёў, трэба прасядзець сотні гадзін над кніжкамі, дакументамі, рознымі матэрыяламі, экспанатамі, паскладаць у лагічную цэласць тысячы, а часам дзесяткі тысяч фактаў, а пасля ў выглядзе публікацыі даць магчымасць іншым пабачыць вынік свае працы. За гэтую працу не даюць грошай, медалёў, не павышаюць на рабоце. Таму даследаваннем гісторыі сваіх мясцовасцей займаюцца людзі, якія адчуваюць такую ўнутраную патрэбу. Не заўсёды, аднак, нават сярод шматтысячнай грамадскасці знаходзяцца энтузіясты працы для ідэі. Белавежы пашанцавала. Адзін з грамадзян гэтага мястэчка — Пётр Байко — трыццаць гадоў свой свабодны час і інтэлект прысвячае пошукам крыніц ведаў аб мясцовасці, у якой нарадзіўся і жыве ўсё жыццё. Байко пра Белавежу ведае ўсё або амаль усё. Дастаткова толькі з „Нівы” выпісаць загалоўкі яго артыкулаў, а збярэцца немалая бібліяграфія па гісторыі мястэчка. Пісаў ён таксама да дзесяткаў іншых газет і часопісаў, таму ў галіне папулярызацыі Белавежы не мае ён канкурэнтаў. Пётр Байко не з’яўляецца прафесійным гісторыкам і сваю гісторыю мястэчка і ваколіцы піша — як можна здагадацца — мясцоваму насельніцтву. (Я. Мірановіч, Белавежа Пятра Байко, фрагмэнт)