- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Нядаўна выйшла друкам манаграфічнае апрацаванне маладога гісторыка Беластоцкага універсітэта Войцеха Сляшынскага, прысвечанае канцлагеру ў Картуз-Бярозе*. Гэтая ўстанова, створаная санацыйнымі ўладамі ў 1934 г., упамінаецца ва ўсіх падручніках па гісторыі, але большасць літаратуры на гэтую тэму паказвае яе як турму з абвостраным рэжымам. Прабывала там таксама некалькі соцень дзеячаў беларускіх дэмакратычных арганізацый і беларусаў, абвінавачаных у камуністычнай дзейнасці. Сляшынскі пісаў працу на аснове малавядомых дакументаў, знойдзеных ім у Брэсцкім абласным архіве. Абшырныя іх фрагменты паказваюць умовы жыцця зняволеных і брутальнасць паліцыйных службаў. Канцлагер быў арганізаваны паводле савецкіх і нямецкіх узораў. Логіка яго стварэння заключалася ў ізаляванні палітычных ворагаў санацыі, а таксама ўсіх падазроных, якім цяжка было даказаць якую-небудзь віну. Згодна распараджэнню прэзідэнта Рэчы Паспалітай ад 17 чэрвеня 1934 г., падпісаным таксама членамі ўрада, паліцыя магла арыштаваць кожнага, каго падазравала ў парушэнні публічнага парадку і саслаць у Картуз-Бярозу на тры месяцы. Час зняволення маглі прадаўжаць яшчэ некалькі разоў, калі камендант канцлагера лічыў, што зняволены пасля трохмесячных здзекаў можа надалей прадаўжаць сваю дзейнасць. Першым камендантам стаў Вацлаў Костэк-Бярнацкі, вядомы як садыст яшчэ з часу І сусветнай вайны. (Я. Мірановіч, Канцлагер у Картуз-Бярозе, фрагмэнт)