- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У тэлебачанні некалькі тыдняў таму паказалі дакументальны фільм Агнешкі Арнольд пра Рамуальда Райса „Бурага”, забойцу амаль сотні мірных беларусаў, жыхароў Беласточчыны, зімой 1946 года. У фільме выступалі яго падначаленыя з Віленшчыны — салдаты Арміі Краёвай і з Беласточчыны — члены Нацыянальнага вайсковага згуртавання, якія, праўдападобна, прымалі ўдзел у пацыфікацыі беларускіх вёсак. Першыя злачынства называлі злачынствам, другія забойства жанчын, дзяцей і выпадковых людзей — змаганнем з камунізмам. Вазакоў, сведкаў злачыннага рэйду ў лютым 1946 г. нават не расстралялі, а забівалі памалу, з усімі праявамі садыстычнага адхілення, убіваючы ахвярам цвікі ў галаву, а камяні ў вочы. У прэсе цалкам нядаўна з’явілася інфармацыя, што пракурор Дар’юш Альшэўскі з Інстытута нацыянальнай памяці канчае разглядаць справу „Бурага”. Вынікі яго шматгадовага даследавання прывялі да высновы, што забойства фурманоў і пацыфікацыя вёсак былі ўчыненыя па нацыянальных прычынах. У 1996 г. Вайсковы суд Варшаўскай акругі прызнаў „Бурага” невінаватым, а беларускія ахвяры палічыў выпадковымі на дарозе патрыятычнай дзейнасці Рамуальда Райса. Пракурор Альшэўскі лічыць, што вайсковы суд мог прыняць такое рашэнне, таму што „Буры” змагаўся за найважнейшае — за незалежную Польшчу. (Я. Мірановіч, Вяртанне прывіду „Бурага”, фрагмэнт)