- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пасля доўгіх гадоў чакання і многаразовых запрашэнняў Аляксандрам Кваснеўскім, у Польшчу нанёс візіт прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Ацэньваючы гэты факт на падставе таго, што гаварылася палітыкамі і журналістамі ў польскім тэлебачанні, па радыё ці пісалася ў газетах, Пуціна чакалі ў Варшаве прыблізна як рымскага папу Яна Паўла ІІ. Ад часу візіту цара Мікалая І у Варшаве ў 1829 г. так цёпла і шчыра не віталі ніводнага расійскага правадыра. Праўда, улады камуністычнай Польшчы таксама вельмі ветліва ставіліся да гасцей з Масквы — сакратароў „братняй партыі”, цалаваліся так, што часам тэлевізар чырванеў ад сораму, але ўсё гэта напамінала залежнасць паміж суверэнам і яго васалам. Каментуючыя візіт Пуціна ў Польшчу палітыкі так з левага, як і правага боку польскага палітычнага тэатра папракалі госця, што прыехаў толькі на два дні, замест, як планавалася, на тры. Не прывёз таксама ў Варшаву сваёй жонкі, як бывала гэта падчас візітаў у Нямеччыну ці Злучаныя Штаты Амерыкі. Не было таксама прамовы ў парламенце. Выглядала гэта быццам польскія палітыкі былі расчараваны з-за недахопу кантактаў з прэзідэнтам Расіі. Кожны з іх хацеў нешта важнае сказаць Пуціну, але ўсе адным хорам выказвалі сваю задаволенасць ад яго прысутнасці ў Польшчы. (Я. Мірановіч, Цар Уладзімір у Варшаве, фрагмэнт)