- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Адзін з прафесараў Універсітэта ў Беластоку публічна сказаў: „Białoruś przecież nie należy do Europy”. Ці гэта быў жарт, ці гаварыў ён сур’ёзна ды прадстаўляў становішча ўсёй вучэльні — невядома, у кожным выпадку ніхто з прысутных, мясцовых вучоных, не стаў з ім спрачацца. Беларусь нават для польскай інтэлектуальнай эліты явіцца краінай з іншага вымярэння, а яе грамадства — цывілізацыйна запозненым. Гэткі вобраз Беларусі доўгімі гадамі ствараўся ў сродках масавай інфармацыі, а палітыкі г.зв. еўрапейскай арыентацыі кожны дзень палохалі сваіх выбаршчыкаў беларускім варыянтам у выпадку, калі Польшча не ўвойдзе ў структуры Еўрасаюза. Пра Беларусь як пра зруйнаваную краіну расказваюць таксама яе грамадзяне, асабліва інтэлектуалы, якія наведваюць Польшчу. Ад іх найчасцей можна пачуць параўнанне Беларусі з афрыканскімі дзяржавамі, якія ачольваюць напаўдзікія садысты. Беларускія эліты хацелі б бачыць сваю радзіму ў Еўропе — і слушна. Перакананыя яны, што гэта адбудзецца зараз пасля таго, як Лукашэнка пойдзе сабе прэч. (Я. Мірановіч, Беларусь патрэбна толькі беларусам, фрагмэнт)