- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Ваяводская ўправа разаслала ўсім зацікаўленым праект „Закону аб нацыянальных і этнічных меншасцях і рэгіянальнай мове”. Закон рыхтуецца ўжо звыш дзесяці гадоў і ўсё паказвае, што яшчэ прынамсі столькі часу спатрэбіцца, каб парламент дэмакратычнай краіны, ад імя дэмакратычнага грамадства, вызначыў становішча прыблізна аднаго працэнта грамадзян няпольскай нацыянальнасці. Першыя праекты закону, якія ў пачатку дзевяностых гадоў прад’яўляліся нацыянальным меншасцям для азнаямлення, былі цалкам іншага зместу. Тады яшчэ адчуваўся ў краіне подых свабоды, сёння ва ўсёй красе вяртаецца бачанне нацыянальных праблем родам з трыццатых гадоў. Тады аднак меншасці складалі каля 40 працэнтаў насельніцтва і кіруючыя эліты мелі падставы баяцца вынікаў свае палітыкі. Сёння нацыянальныя меншасці — гэта невялікія групы людзей іншай культуры рассеяныя сярод палякаў, а самае малодшае пакаленне амаль цалкам паланізаванае. Таму сучасны нацыяналізм, напрыклад, беластоцкіх элітаў, не мае нават культурнага ці палітычнага характару, ён хутчэй біялагічны, атавістычны. „Bialorusini to nasz wrog naturalny”, — гаварыў адзін з мясцовых палітыкаў. Беларус, прыблізна, значыць яму тое ж што для ката мыш. (Я. Мірановіч, Цукерак для меншасцей, фрагмэнт)