Новая кніга ад Hrodna.life
2020-06-01 22:17
У Гародні рыхтуецца да выдання ўнікальная кніга „Гарадзенкі” ад рэгіянальнага выдання Hrodna.life. Гэтым разам – гэта кніга пра дзяўчат, якія жылі і жывуць у Гародні.
Пра асаблівасці гэтага выдання распавядае яго стваральніца, журналістка Ірына Новік:
– Кніга „Гарадзенкі” – гэта вынік нашай працы за апошні год. У яе ўвайшоў шэраг нататак, такіх эсэ пра гістарычных жанчын з Гародні і шэраг эсэ пра жанчын, каторыя жывуць у Гародні зараз. Над гістарычнай часткай працаваў гісторык Андрэй Вашкевіч. Ён напісаў нататкі пра Бону Сфорцу, Зоф’ю Налкоўскую, Вольгу Соламаву, Ларысу Ляшэнка, Вольгу Корбут. Усяго ў яго атрымалася 14-ць гераінь гісторыі Гародні. Сучасную частку напісала я – Ірына Новік.
Сучасныя дзяўчаты ў кнізе – гэта тыя гераіні, што жывуць сярод нас, кажа яна:
– У мяне 10-ць гераінь – гэта ўдзельніцы мінулагодняга праекта, які мы рабілі з фатографам Кацярынай Гардзеевай і Людмілай Лебедзь, разам з Media Room. Поўныя версіі іх інтэрв’ю дзяўчат-гераінь сталі асновай сучаснай часткі.
Разам з кнігай можна замовіць і прыгожы нататнік, старонкі якога адмыслова не маюць датаў і назваў месяцаў, але ён упрыгожаны партрэтамі гераінь кнігі. Замовіць гэтыя выданні можна
праз краўдфандынг.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня