- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
За нафту расплаціцца насельніцтва. Страты бюджэту Беларусі з-за росту коштаў на імпартуемую з Расіі нафту ўрад ацэньвае ў 5,9 трыльёна беларускіх рублёў (каля 2 мільярдаў долараў). У якасці кампенсуючых мераў прапануецца падвысіць акцызы на некаторыя тавары, а таксама вызначыць мяжу росту фонду заработнай платы. Гэта інфармацыя была абнародавана ў форме ліста беларускага ўрада кіраўніцтву Міжнароднага валютнага фонду. Эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што МВФ спрабуе давесці да лагічнага фіналу працу, якая была распачата ў Беларусі з выдачай крэдыту па праграме stand-by, а ўрад краіны — знівеляваць факт таго, што не быў выкананы шэраг абавязальніцтваў перад МВФ, як то стварэнне агенцтва па прыватызацыі, фінансавага агенцтва развіцця, адсутнасць сістэмных зрухаў у галіне лібералізацыі эканомікі. «Міжнародны валютны фонд насамрэч зацікаўлены ў працягненні супрацоўніцтва, бо яго эксперты ведаюць сітуацыю, было выдаткавана нямала інтэлектуальных рэсурсаў. Ёсць адмысловы дакумент фонду, у якім распісаныя ўсе меры, якія неабходна рэалізаваць, каб змяніць вектар беларускай эканомікі», — гаворыць эксперт Сяргей Чалы. Ён мяркуе, што ў супрацоўніцтве не надта зацікаўлены якраз беларускі бок, хаця і грошы МВФ — адны з самых танных.