- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Праўду адправілі на Акрэсціна. Адразу ў розных рэгіёнах Беларусі 18 і 19 мая адбыліся затрыманні актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», а таксама вобшукі ў офісах гэтай кампаніі і ў кватэрах яе ўдзельнікаў. Лідэр кампаніі паэт Уладзімір Някляеў, а таксама галоўны рэдактар недзяржаўнай газеты «Товарищ» Сяргей Вазняк і актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Дзмітрыеў былі змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Першыя звесткі пра ператрусы з’явіліся прыкладна а 13-й гадзіне ў мінулы аўторак — у галаўным офісе кампаніі «Гавары праўду» на праспекце Машэрава ў Мінску з’явіліся асобы ў цывільным, якія затрымалі практычна ўсіх, хто там знаходзіўся, забаранілі актывістам пакідаць памяшканне і праз некаторы час адвезлі людзей у Ленінскі РУУС сталіцы. Некалькі гадзін ніхто не разумеў, на якіх падставах прадстаўнікі спецслужб затрымлівалі людзей, а таксама праводзілі ператрусы як у офісах, так і ў кватэрах грамадскіх актывістаў (да гэтага часу ўжо стала вядома, што аналагічныя мінскім падзеі адбываюцца і шмат у якіх іншых гарадах Беларусі — Гомелі, Брэсце, Гродна, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Ваўкавыску, Салігорску, Бялынічах і гэтак далей) і адымалі кампутары, аргтэхніку, сродкі сувязі, носьбіты інфармацыі, дакументацыю і нават грошы.