- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Год таму ў нумары, які выходзіў якраз напярэдадні выбараў, аўтары «Новага Часу» паспрабавалі зазірнуць наперад і напісаць, якой яны бачаць бліжэйшую будучыню. Не буду пераказваць усё, што там было напісана, скажу толькі, што мы самі здзівіліся, наколькі былі блізкія да рэчаіснасці. Таму ў працяг — прапануем вам падсумаванні года пасля выбраў і прагнозы ад «Новага Часу». Год таму мы нават уявіць сабе не маглі, што пабачым мора людское з нацыянальнымі сцягамі, што беларуская мова стане ледзь не паролем для сумленных людзей, што нашы дзеці будуць за кратамі ці ў вымушанай эміграцыі. Што сусед-міліцыянер будзе хаваць вочы і не вітацца, а суседка-бабулечка будзе са сваёй пенсіі адпраўляць бандэролі палітвязням. Мы столькі ўсяго даведаліся за гэты год пра сябе, сваіх сяброў, родных, суседзяў, калегаў. І менавіта гэтыя веды дадаюць мне аптымізму. За гэты год наша грамадства выгадавалася і пачало сталець. Інфантылізм і спадзяванні на дзяржаву сыходзяць, застаецца вера ва ўласныя сілы і адказныя дарослыя ўчынкі. А гэта значыць, што менавіта ў нас ёсць унікальны шанс стаць прыкладам для ўсёй Еўропы. Прыкладам адказнага стаўлення да свайго лёсу і лёсу сваёй краіны, прыкладам унікальнай салідарнасці і грамадскай эмпатыі.