- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мадэль для Беларусі Да цэнтральнай падзеі мінулага тыдня аналітыкі і журналісты аднеслі пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў краін СНД. Хаця нічога асабліва значнага, яркага на гэтым пасяджэнні не адбылося. Але, як ні парадаксальна, у тым і адметнасць саміта: гэта паказчык канчатковай смерці былой імперыі, немагчымасці яе рэанімацыі, яе другога выдання. Кожная з дзяржаў былога СССР ідзе сваім шляхам, але не адмаўляецца ад рэдкіх сустрэч на вышэйшым узроўні, якія ні да чаго не абавязваюць. Аднак жывой інфармацыяй, адчуваннем настрояў і намераў сяброў-сапернікаў узбагачаюць. Як казаў адзін старадаўні вялікі палітык: поза, позірк, жэст, выпадковы прагавор і нават маўчанне даюць яму больш інфармацыі, чым сотні старонак данясенняў. Тым не менш, саміт выявіў і пэўныя новыя прыкметы прэтэнзій самага магутнага з сяброў Садружнасці — Расіі — не толькі на ўтрыманне, але і на ўзмацненне свайго лідэрства. Няяснымі пакуль застаюцца толькі форма і змест самой канцэпцыі лідэрства ў разуменні расійскай кіроўнай эліты. Тэндэнцыя ж вядомыя: старая імперская і новая — дэмакратычная. Відавочны баланс, аднак, яскрава на карысць першай. А тая, што нараджалася як дэмакратычная, амаль цалкам перарадзілася ў алігархічную. Але што ў развіцці? Адказ расійскіх дэмакратаў песімістычны: узмацненне аўтарытарызму, а значыць, і вялікадзяржаўных палітычных традыцый, знешне-палітычнай экспансіі.