- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Крызіс па-амерыканску Гледзячы вачыма беларуса, разабрацца і зразумець, што ўяўляе з сябе крызіс амерыканскай эканамічнай сістэмы, вельмі складана. На крызісы, што давялося перажываць ці не кожнай генерацыі грамадзян былога СССР, жыццё ў Злучаных Штатах зусім не падобна. Беспрацоўе — 5,7 працэнта, крыху вышэй, чым у апошнія гады, але значна менш, чым у Еўропе. Сярэдні даход больш за 2000 долараў у месяц, як і раней выклікае зайздрасць амаль ва ўсіх краінах свету. Інфляцыя — каля 6%, што з улікам падвышэння коштаў на бензін — вышэй, чым таго жадае Банк федэральнага рэзерву, але значна ніжэй, чым у Беларусі ці Расіі і нават у Еўропе. І кошт самога паліва — каля долара за літр — прыкладна на беларускім узроўні, але пры непараўнальна вышэйшых даходах. Ды і ўвогуле, па знешніх прыкметах жыцця цяжка нават здагадацца пра нейкі крызіс. Каб не свабода слова, просты паспаліты люд і ведаць бы не ведаў, што жыве ў крызісе. Ну, менш людзей паехалі гэтым летам далёка ў адпачынак. Ну, шмат хто стаў выходзіць у рэстаран адзін раз на тыдзень замест трох, але ж у кафэ па-ранейшаму — натоўп, на шашы — трафік, у аэрапортах самалёты, як і раней, з-за недахопу месца, вымушаны чакаць у доўгай чарзе дазволу на вылет.