- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Ёсць у рэвалюцыі пачатак… Сышліся, перакрыжаваліся дзве даты. Адна — чырвоная, другая — чорная. 90-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі і 70-годдзе кульмінацыі масавых сталінскіх рэпрэсій. 7 лістапада і 29 кастрычніка. Год 1917 і год 1937. Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі і Дзень памяці. Афіцыйны і неафіцыйны. Скрыжаванне, сутыкненне гэтых дзвюх дат абвастрыла пытанне пра іх сувязь, пераемнасць. Ёсць? Няма? І два адказы. Ёсць. Сувязь трагічная і палітычна страшная. Такі адказ рэпрэсаваных, што цудам выжылі. Ёсць — адказ дэмакратычнай грамадскасці, аргументавана пацверджаны аб’ектыўнамі даследаваннямі. Дзве гэтыя даты злучаныя паміж сабой плынню крыві, не заціхаючым рэхам стрэлаў, стогнаў, праклёнаў і плачу соцень тысяч «врагов народа», «членов семей изменников родины». Нацдэмаў і антысаветчыкаў, правых і левых «уклонистов», кулакоў і шкоднікаў… Задачы пастаўлены, планы даведзены, загад адданы. Абвінавачванні заменены на ярлыкі. Проста і хутка. А падвесці пад «дзесяць лет без права переписки», лагер і расстрэл можна за любое слова (антысавецкае, нацдэмаўскае, брыдкае), ці за яго адсутнасць (ва ўхвалу правадыра).