- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Давярай, але правярай Менавіта гэтымі словамі можна сфармуляваць цяперашнюю пазіцыю Еўропы ў адносінах да Беларусі. Цягам апошніх тыдняў афіцыйны Мінск меў шэраг кантактаў з еўрапейскімі палітыкамі: сустрэчы прэм’ер-міністраў Беларусі і Літвы, перамовы міністраў замежных спраў Беларусі і Літвы, візіт беларускага віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова на эканамічны форум у польскі горад Крыніцу (так званы «ўсходнееўрапейскі Давос»), дзе адбыліся сустрэчы з кіраўнікамі польскага ўраду, аднадзённы візіт у Беларусь кіраўніка Міністэрства замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага. Падчас сустрэчы кіраўнікі міністэрстваў замежных спраў Польшчы і Беларусі абмяркоўвалі магчымасць спрасціць візавы рэжым паміж краінамі, малы памежны рух, карту паляка, а таксама верагодны ўдзел кіраўніка МЗС Беларусі ў сустрэчы міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза. Паводле польскага чыноўніка, для развіцця гэтых адносін Беларусь павінна прытрымлівацца пэўных умоў: «Натуральна, што абавязковая ўмова збліжэння Беларусі і Польшчы, Беларусі і Еўрасаюза — гэта працяг курсу дэмакратызацыі. Я веру, што зроблены мной сёння крок будзе ўмацоўваць гэты накірунак». Ацэньваючы свой візіт у Беларусь, Радаслаў Сікорскі адзначыў, што «надышоў час заўважыць пазітыўныя змены ў беларускай палітыцы і на добрыя ініцыятывы адказваць добрымі ініцыятывамі».