- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Зноў з чыстага ліста. На пачатку лістапада Мінск наведала дэлегацыя Еўрапейскай камісіі. Мэтай візіту дэлегацыі пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Генеральнага дырэктарата па знешніх сувязях Еўракамісіі Х’юга Мінгарэлі было абмеркаваць перспектывы развіцця адносіны паміж ЕС і Беларуссю. Візіт адбываўся ў межах дамоўленасцяў, дасягнутых падчас сустрэчы кіраўніка МЗС Беларусі Сяргея Мартынава з Вярхоўным прадстаўніком ЕС па агульнай знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Хаўерам Саланам і «тройкай» Еўрасаюза. Падчас свайго знаходжання ў Мінску дэлегацыя Еўрапейскай камісіі правяла сустрэчы ў Адміністрацыі прэзідэнта, Савеце міністраў і МЗС Беларусі. Акрамя таго, Х’юга Мінгарэлі сустрэўся ў Мінску з лідэрамі беларускай апазіцыі — старшынёй Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам, кіраўніком Партыі камуністаў Беларускай Сяргеем Калякіным, лідэрам аргкамітэта руху «За свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам і намеснікам старшыні Партыі БНФ Вінцуком Вячоркам. Мінгарэлі праінфармаваў аб мэтах і задачах свайго візіту, а таксама агучыў пяць пунктаў «дарожнай карты» па нармалізацыі адносін Беларусі і Еўрасаюза. «З задавальненнем канстатую, што яны цалкам супадаюць з прапановамі, якія Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы распрацавалі ў кааперацыі з няўрадавымі арганізацыямі і Беларускай асацыяцыяй журналістаў», — цытуе Анатоля Лябедзьку БелаПАН.