- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Два ў адным. Дзве падзеі апошнім часам мелі дастаткова шырокі грамадскі розгалас. Першая — стварэнне грамадскіх камісій пры ўладных структурах з запрашэннем у іх склад апазіцыянераў. Другая — прызыў у войска трох апазіцыйных моладзевых лідэраў: Франака Вячорку, Івана Шылу і Зміцера Хведарука. Адно, па логіцы, выключае другое, але, як не дзіўна, яны — узаемаабумоўлены. Два ў адным. І тры, і пяць, і… Бо аўтарытарная палітычная сістэма мае сваю шкалу каштоўнасцей і прыярытэтаў, якія, аднак, вызначаюцца адзінай мэтай, падпарадкоўваюцца адной звышзадачы — самазахаванню, утрыманню ўладных пазіцый. Любымі сродкамі. На сучасны момант збег рознага кшталту абставін прадыктаваў кіроўнай беларускай групоўцы неабходнасць крэну на Захад. Але з дакладным разлікам, каб вымушаныя паслабленні не абярнуліся нечакана некантралюемай ланцуговай рэакцыяй перамен. Стварэнне грамадскіх камісій — менавіта з таго ж набору маніпуляцый. Гэта далёка не прапанова “круглага стала”, і нават не прапанова фармавання камісій пры першых-трэціх асобах, але пры асобах несамастойных. Якіх можна ў любы момант, у выпадку суровай неабходнасці ці ў выпадку перамогі “ястрабаў”, абвінаваціць у скажэнні генеральнай лініі і паказальна пакараць.