Новыя аўдыёкнігі ад фонда Kamunikat.org
2024-10-16 14:05
Каманда Kamunikat.org запісала і размясціла на сваіх інтэрнэт-пляцоўках тры новыя аўдыёкнігі: «Пасланне ў іншасвет, альбо Развагі максімаліста» Васіля Жуковіча, «Пуцявіну» Барыса Пятровіча і першую частку зборніка эсэ Уладзіміра Арлова «Незалежнасць гэта...»
Аповесць Васіля Жуковіча
«Пасланне ў іншасвет, альбо Развагі максімаліста» – твор складаны і спрэчны. Падсумаванне і пераасэнсаванне жыцця і досведу. Тут пераплецены рэфлексіі пра Другую Сусветную вайну, рэпрэсіі савецкіх часоў, вясковае жыцці і вір палітычных падзей пачатку ХХІ стагодзя. Амаль пяць гістарычных эпох стварылі сваеасаблівы хаос на старонках аповесці. Тут і спроба 75-гадовага аўтара зразумець 20-гадовага героя, спроба перанесці гэтае асэнсаванне на падзеі вайны і акупацыі. Мэтанакіраванае спрашчэнне формы і сюжэта. Сумбур сэнсаў і наратываў. Аднак пры гэтым – шчыры анатамічны зрэз сваёй свядомасці.
Аповесць «Пуцявіна» Барыса Пятровіча пісалася амаль праз трыццаць гадоў пасля памятнай паездкі праз увесь СССР з Усходу на Захад. Вядома, за гэты час адбыліся вялізарныя перамены ў нашым жыцці, не стала той вялікай краіны, з’явіліся новыя тэхналогіі і, каб пабачыць Далёкі Усход і тыя гарады, якія наведалі падарожнікі, цяпер зусім неабавязкова туды ехаць. Можна набраць у інтэрнэце назву і віртуальна паблукаць па вуліцах горада. У 1983 годзе нават мапу горада, а тым болей нейкі турыстычны даведнік з інфармацыяй пра яго, набыць было практычна немагчыма... Таму аўтар узяў за аснову асабістае ўспрыманне таго часу і той краіны другой паловы кастрычніка і пачатку лістапада 1983 года. Вярнуцца ў СССР.
Кніга выбраных эсэ Ўладзіміра Арлова
«Незалежнасць гэта...» – яшчэ адна "машына часу", якая дапаможа чытачу зьдзейсьніць дзясяткі падарожжаў, нязьменна аб’яднаных пошукамі Беларусі і – непаўторным сакавіта-грубаватым арлоўскім гумарам. Пунктамі прызначэньня будуць Менск пачатку 1990-х і Бэрлін з абрынутай толькі ўчора сьцяной паміж двума сьветамі, Грузія часоў Зьвіяда Гамсахурдзія і Сахара дарэвалюцыйнага Тунісу, дах яшчэ цалюткага Сусьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку і стакгольмская кватэра нобэлеўскага ляўрэата 2011 году паэта Тумаса Транстрэмэра… Разам зь пісьменьнікам чытач зможа адчуць зьмены, што адбыліся ў нашай краіне і сьвеце за цэлую чвэрць стагодзьдзя. Эсэ, што ўвайшлі ў кнігу, перакладаліся болей, чым на дваццаць моваў.
Кожны з трох твораў аздобіць вашу аўдыёкалекцыю і стане добрым спадарожнікам на дарогах залатой восені. Кнігі можна паслухаць і спампаваць на сайце
Kamunikat.org (і яго люстэрках), а таксама -
на YouTube.