«Па-беларуску яны гучаць так, нібыта напісаныя з самага пачатку пра нас». Максім Знак — пра натхненне, новыя кнігі і ўласныя песні
2026-04-24 07:21
У варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі 22 красавіка адбыўся творчы вечар
паэта, барда, адваката і палітвязня Максіма Знака. Гэтай падзеяй
завяршылася турнэ творцы па польскіх гарадах. Падчас імпрэзы Максім Знак
спяваў свае песні, дэкламаваў новыя тэксты і падпісваў жадаючым сваю
кнігу «Зэкамерон».
На канцэрце прагучалі і развагі Знака аб уласнай творчасці і будучых
планах.
«Будзьма беларусамі!» запісала самае цікавае, што на варшаўскай
сустрэчы распавёў пісьменнік і бард.
Пра працу над новымі кнігамі
— У мяне ёсць кнігі, якія напісаны, і ёсць кнігі, якія нібыта
напісаны, але іх няма. І таму цяпер я іх аднаўляю, бо, калі тэкст быў,
ён не знікае канчаткова.
Я пачаў аднаўляць кнігу, якая называецца «Каланісты». Яна
вырасла з таго, што было раней, з «Зэкамерону». «Зэкамерон» быў напісаны
ў СІЗА. Тады гэта быў той стан, калі чалавек яшчэ нібыта не асуджаны,
калі суд яшчэ не назваў яго злачынцам. Потым чалавек трапляе ў калонію,
і там ён ужо іншы. Я падумаў, што там людзі становяцца каланістамі. Хоць
фармальна нас называлі інакш, мне гэтае слова падабаецца больш,
бо ў ім ёсць нейкая ўнутраная іронія і адначасова годнасць.
Да «Каланістаў» я ўзяў эпіграф, які стаў для мяне вельмі важным
і паўтарыўся яшчэ ў адной кнізе. Гэта словы з «Таямнічага востраву» Жуля
Верна. Там героі пасля катастрофы разумеюць, што яны не пацярпелыя,
а каланісты, што ім трэба не проста выжываць, а будаваць жыццё, фактычна
сваю краіну ў новым месцы. І гэтая думка вельмі моцная, бо ў маім
досведзе ўсё адбываецца нібыта ў супрацьлеглым кірунку, але імпэт той
самы. Там таксама людзі спрабуюць стварыць нейкі парадак у хаосе.
Другая кніга называецца «Біверлі Хіл». Я напісаў яе ў поўнай
ізаляцыі, калі ты застаешся сам-насам з асабістым уяўленнем. Гэта мая
версія эміграцыі, якая адбываецца не геаграфічна, а ўнутры цябе самога.
Назва нарадзілася, як нібыта дрэнны пераклад назвы «Бабровы ўцёс»,
і ў гэтым ёсць уся логіка кнігі. Гэта пра тое, як свядомасць спрабуе
перакласці рэальнасць на мову, якой не існуе.
Раней я напісаў вялікі раман. Больш за 400 старонак. Яго забралі і сказалі, што ён знішчаны. Я сеў і напісаў яго яшчэ раз. Зноў больш за чатырыста старонак, і зноў за вельмі кароткі час. Гэта не пра ўпартасць, гэта пра тое, што тэкст ужо адбыўся ўнутры, і яго немагчыма забраць цалкам.
Я рабіў і іншы праект, які называўся «Бессюжэтнікі». Гэта былі
тэксты, у якіх няма адназначнага адказу. Чытач павінен сам здагадацца,
што адбылося. І калі ён здагадаўся, гэта і ёсць праўда. У гэтым была
гульня, але і нешта большае. Потым мяне спыталі, што сталася з героямі
далей. І ў мяне з’явіўся час падумаць пра гэта. Так з гэтых кароткіх
рэчаў вырас вялікі раман.
Пра апавяданні «Зубная феечка» і «Сабака»
— Я для «Каланістаў» шмат напісаў кароткіх тэкстаў. Іх было каля 120.
Гэта маленькія замалёўкі, але ў іх змяшчаецца вельмі шмат.
Напрыклад, «Зубная феечка». Гэта гісторыя, дзе казка
ператвараецца ў нешта іншае. У калоніі ў зубных фей не вераць, але ёсць
рэальная фея, стаматолаг, якую ў калоніі ўсе баяцца. Там іншыя правілы,
іншая логіка страху і болю. І нават лячэнне выглядае, як нешта
супрацьлеглае лячэнню. У выніку застаюцца толькі цішыня і разуменне, што
ты выжыў.
Ёсць і гісторыя «Сабака» — пра чалавека, які
называў сябе сабакам. Ён гаўкаў, палохаў іншых, жыў у сваёй ролі, але
на відэасувязі раптам станавіўся зусім іншым, разумным, дакладным.
І гэта таксама пра маскі. Унутры карнай сістэмы кожны выбірае сваю форму
існавання. Часам самую нечаканую.
Я пісаў гэтыя тэксты як кароткія імпульсы, як фіксацыю таго, што
адбываецца вакол і ўнутры. І калі б не абмежаванні, з іх можна было б
зрабіць вялікія кнігі, але мне важна было пакінуць іх такімі, як яны
ёсць.
Пра працу над песнямі і натхненне
— Музыка з’явілася як працяг тэкстаў. Калі я трапіў у ізаляцыю,
я пачаў перакладаць песні. Іх атрымалася больш за 160, потым больш
за 200. Я перакладаў вельмі дакладна, не дадаючы нічога ад сябе,
і раптам выявілася, што па-беларуску яны гучаць так, нібыта былі
напісаныя з самага пачатку пра нас.
Я перакладаў песні Барыса Грабеншчыкова, The Beatles і іншых аўтараў, і яны пачыналі набываць новы сэнс. Гэта было дзіўнае адчуванне, нібыта мова адкрывае іншы пласт рэальнасці.
Паступова з’явіліся і ўласныя песні. Некаторыя з іх нараджаліся з тэкстаў. Напрыклад, песня пра бульбу.
Я напісаў словы, але не меў музыкі. Калі я спрабаваў узяць чужую
мелодыю, яна ўсё роўна станавілася маёй. Таму ў выніку з’явілася новая
песня, якая ўжо жыве асобна.
Ёсць песня пра Варшаву. Я напісаў яе шмат гадоў таму, але яна
гучыць актуальна, бо гісторыя гэтага горада для мяне звязаная
з паўстаннем і з тым, што адбываецца пасля яго. Гэта гісторыя, якая
не заканчваецца.
Ёсць песня «Хутка». Яна з’явілася як адказ на словы, якія мне
паўтаралі. Што ўсё хутка скончыцца. І гэтае слова пачало гучаць інакш,
ператварылася ў нешта, што патрабуе тлумачэння.
Ёсць песня «Хваля», якая вырасла з думкі, што сапраўдная сіла
не ў пене на паверхні, а ў глыбіні. Гэта было вельмі дакладнае адчуванне
таго, што адбываецца.
Ёсць і выпадковыя песні, як «Андалузк», якая нарадзілася
з адной рыфмы. Спачатку гэта была проста памылка, а потым з’явіўся цэлы
тэкст. І гэта таксама частка працэсу, калі ты не плануеш, але працягваеш
пісаць.
Натхненне на стварэнне песень не прыходзіць асобна. Яно з’яўляецца ў той момант, калі ты пачынаеш пісаць. Не раней і не пазней.
Я пішу, калі ёсць магчымасць, і нават калі яе няма. Я перакладаю,
складаю, запамінаю. Калі тэксты забіраюць, я пішу іх яшчэ раз. Калі няма
паперы, яны застаюцца ў галаве. І ў гэтым, напэўна, уся мая творчая
дзейнасць.
Сустрэча ладзілася ў межах праграмы ArtPower Belarus у сумесным
праекце Міжнароднага Саюза беларускіх пісьменнікаў і кампаніі «Будзьма
беларусамі».