19-ая кніга з’явілася ў бібліяграфіі беластоцкай беларускай пісьменніцы Міры Лукшы. Гэта зборнік найноўшых апавяданняў «Wiedunnia». Кніга выйшла у выдавецтве «Белая Вежа».
З сённяшняй Госцяй Рацыі Мірай Лукшай паразмаўляем пра новую кнігу і яе асноўныя тэмы.
РР: Гэта кніга прозы. Цікава, гэта проза за якія гады?
Міра Лукша: Гэтая проза самая свежая, напісаная ў гэтым годзе. Хаця задума ў мяне была на гэтую прозу ўжо год таму. Я запрапанавала гэта як праект на стыпендыю маршалка. І атрымала гэтую стыпендыю паўгадовую. Ну і трэба было сесці і запісаць тое, што ў галаве ці ў сэрцы, на старонках. Я яе закончыла ў канцы чэрвеня і кніжка ўжо выдадзена.
РР: Гэтая кніга напісана па-польску.
Міра Лукша: Так. Але яна вельмі беларуская. Тут ёсць многа тэкстаў, якія гавораць людзі па-свойму, ёсць тэксты малітваў, замоў і па-славянску, і па-руску, і па-нашаму. Так што кніжка пра нашых людзей і пра навалач, якая да нас прыязджае і стараецца запанаваць над гэтым месцам. Ці добра робіць, ці кепска, іншая справа, якія намеры. Гэтая кніжачка не такая тоўстая. Мае знаёмыя сказалі, што прачыталі яе за адзін вечар і знайшлі ў ёй месцы, людзей, праблемы, з’явы тутэйшыя.
РР: Ці плануецца перакласці гэтую кнігу на беларускую мову?
Міра Лукша: Я паглядзела, што праўда, яна па-беларуску гучала б пэўна лепш, можа больш шчыра. Але думаю, што будзе цяжка зрабіць пераклад. Таму што пэўна я напісала б яе нанова. Была б яна напэўна іншая. Дарэчы, у мяне ёсць задумы, планы ці нейкія інспірацыі на падобную кніжку па-беларуску, але думаю, што ўсё ж такі будуць пісацца мне вершы.
Кніга «Wiedunnia» – пра веды, пра жанчын-вядунняў. Можа яны не так цалкам ведзьмы ці шаптухі, але яны ведаюць. У нас, напрыклад, жанчыны з ваколіц Белавежскай пушчы ўмеюць замаўляць і “вецер”, і “ружу”, знаюцца на пярэпалахах і ўмеюць лячыць.
З супрацоўніцай тыднёвіка беларусаў Польшчы «Ніва» і старшынёй літаратурнага аб’яднання «Белавежа» Мірай Лукшай размаўляў Васіль Кроква.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.
Беларускае Радыё Рацыя