Паэма ў прозе Ажэшкі і Гарбоўскага — упершыню па-беларуску
2025-03-18 15:15
Ініцыятыва “Скарынічы” выдала празаічную паэму ў лістах Элізы Ажэшкі і Тадэвуша Гарбоўскага (псеўд. Юліюш Ромскі) пад назвай “Ad Astra”. Пераклад з польскай на беларускую мову зрабіла Святлана Воцінава.
Сто дваццаць гадоў таму “Ad Astra” называлі “творам, які застанецца”. Аўтары змясцілі пад назву амаль музычнае слова “дуафонія” і развілі сюжэт на фоне гімнаў жывой прыродзе, песень даўніх часоў, музыкі космасу і цішыні сфінксаў. Галасы герояў даносяцца з Белавежскай пушчы і Бернінскіх Альпаў, з урочышча Чарна Смуга, поўнага жахаў і цудаў, з велічных ледавікоў Роны, з казачнай даліны Лаўтэрбрунен, над якой гучыць пастуховая песня, з руін беларускага замка, дзе скачуць праз лес прывідныя паляўнічыя…
Ноты жыцця пераплятаюцца з мелодыяй кахання: героі ўступаюць, кажучы сучаснай мовай, у філасофска-псіхалагічную барацьбу, у якой сутыкаюцца аргументы патрыёта і касмапаліта, сэрца і розуму, шчасця і ахвярнасці, кахання і абавязку і інш. Твор у пэўным сэнсе ёсць працягам рамана Элізы Ажэшкі пад назвай “Два полюсы” (1893). На беларускай мове выходзіць упершыню.
“Ad Astra” прадаецца ў беларускай кнігарні
“Чабор” у Варшаве, неўзабаве мае з’явіцца ў іншых беларускіх кнігарнях па ўсім свеце.