Ці магчымыя цяпер мірныя перамовы паміж Кіевам і Масквой? Наш госць, беларускі паэт і перакладчык Сяргей Прылуцкі, які жыве ва ўкраінскай Бучы, упэўнены, што Расея не гатова да таго, каб сесці за стол перамоваў. Таксама пагаворым пра тое, ці змянілася стаўленне ўкраінцаў да беларусаў, і пра штодзённае жыццё ў Бучы ў ваенны час.
РР: Прапаную пачаць нашую размову з вашага свежага допісу ў Фэйсбуку, дзе вы гаварылі пра тое, што чуваць гэтыя гукі паветранай атакі ў Бучы, чаго даўно не было. Раскажыце калі ласка, што адбывалася.
Сяргей Прылуцкі: Так, гэта было ў ноч на 31, калі збілі 89 дронаў. У нас было вельмі гучна. Упершыню над самой Бучай ляталі тыя “Шахеды”. Мы жывём на дзясятым паверсе і па гуку было чутна, што яны вельмі блізка лятуць. Вельмі моцна працавала СПА. Мы спусціліся ўніз у падвал і стаялі каля пад’езда, бачылі, як адзін з гэтых “Шахедаў” збілі. У прынцыпе ўпершыню такое было, каб канкрэтна ў Бучы было так гучна.
РР: Упершыню ад якога часу? Ці ўжо цяжка сказаць?
Сяргей Прылуцкі: Упершыню ўвогуле з 24-га лютага. Перад тым было гучна, але было гучна з-за таго, што бамбілі Кіеў. Выбухі з Кіева былі чутныя. Было чутна з нейкіх там суседніх раёнаў вобласці, як працавала СПА. Было чуваць, што па самой Бучы ездзілі гэтыя мабільныя СПАашнікі на машынах, збівалі.
РР: Усе “Шахеды”, якія былі над Бучай, былі збітыя? Ніякіх наступстваў не было?
Сяргей Прылуцкі: Я бачыў фотаздымкі, што на адзін з будынкаў упалі абломкі, але нібыта ніхто не загінуў.
РР: Як цяпер жыве Буча? Ці можна гэтае жыццё назваць нейкім нармальным?
Сяргей Прылуцкі: За гэтыя гады ўсе больш-менш звыкліся. Разумеюць небяспеку. Мы спусціліся, многія нашы суседзі таксама спусціліся ў падвал у нашым будынку. Не скажу, што норма, але мы ўсе за два з паловай гады гатовыя да такіх інцыдэнтаў.
РР: Як горад на сёння выглядае? Ці ёсць яшчэ візуальныя сляды тых падзей.
Сяргей Прылуцкі: У асноўным усё адрамантавана, хіба толькі нязначныя сляды, калі ідзеш па прыватнаму сектару. На некаторых платах яшчэ пазаставаліся дзіркі. Некаторыя дзіркі яшчэ ў 2022 годзе размалявалі і атрымаліся такія платы ў кветачкі. На некаторых будынках засталіся сляды ад куль, але яны асабліва незаўважныя, калі не прыглядацца, то іх амаль што не бачна.
Поўная гутарка ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя